На здымку: Кацярына Ванкевіч, начальнік аддзялення паштовай сувязі Вясея
У аграгарадку Вясея напярэдадні Новага года пасля рамонту адкрылі мясцовае аддзяленне паштовай сувязі. «Вясковая пошта» цяпер працуе ў новым фармаце – пошта-маркет. Пакуль гэта адзіны такі аб’ект на Случчыне.
– У Мінскай вобласці ў рэжыме пошта-маркет дзейнічаюць пяць аддзяленняў паштовай сувязі, – расказала начальнік Слуцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Іна Цяцерская. – Гэта больш зручны і камфортны варыянт для наведвальнікаў, новыя дызайн і абсталяванне адпавядаюць патрабаванням часу. Асаблівасць фармату пошты-маркет – аддзяленне прыстасавана для набыцця пакупнікамі тавараў у рэжыме самаабслугоўвання. Адчувальна палепшаны і ўмовы працы, вытворчага быту работнікаў. Задача па павышэнні ўзроўня абслугоўвання сельскіх жыхароў, развіцці інфраструктуры на вёсцы па-ранейшаму ў ліку надзённых. Адкрыццё пошты-маркета ў Вясеі – чарговы ўклад у яе ажыццяўленне.

Аддзяленне паштовай сувязі Вясея пасля рамонту сапраўды не пазнаць: кардынальна змяніўся інтэр’ер – новыя сучасныя стэлажы для друкаванай прадукцыі, паштовак, канвертаў і іншага.
Інфармацыя для кліентаў цяпер, можна сказаць, прама пад рукой – размяшчаецца ў папках (а не на стэндах, як раней) у спецыяльнай нішы стала. Імі можна скарыстацца нават не ўстаючы з месца, вельмі зручна. Тавары, якія прадаюць у аддзяленні (у асартыменце тавары прадуктовай і прамтаварнай груп), у свабодным доступе – акуратна выкладзены на адкрытых гандлёвых паліцах уздоўж сцен: падыходзь, глядзі, выбірай. Потым трэба толькі расплаціцца за пакупку.

Наведвальнікі могуць скарыстацца кошыкамі для тавараў, ёсць нават камеры для захоўвання рэчаў пакупнікоў. А яшчэ, што вельмі важна, знадворку абсталявана кнопка выкліку персаналу – для дапамогі людзям з праблемамі са здароўем, якія самастойна не могуць падняцца па прыступках у памяшканне аддзялення.
У цэлым вельмі прыемнае ўражанне – светла, сучасна, прасторна, утульна. Не нарадуецца новаму абліччу аддзялення паштовай сувязі ў Вясеі і яго начальнік Кацярына Ванкевіч. Гаворыць, наведвальнікаў кожны дзень нямала – вяскоўцы звяртаюцца, каб аформіць падпіску на перыёдыку, набыць газеты ці часопісы, зрабіць плацяжы або паштовыя адпраўленні, атрымаць пасылкі, бандэролі, многія набываюць і тавары – кофе, чай, макароны, крупы, мыйный сродкі, іншую прадукцыю. У фармаце самаабслугоўвання гэта зрабіць яшчэ больш зручна.

У гэтым аддзяленні паштовай сувязі акрамя Кацярыны Мікалаеўны працуюць два паштальёны Валянціна Ганчарэвіч і Людміла Ясько, старанныя і адказныя работніцы. Людміла Анатольеўна Ясько – мнагадзетная мама, узнагароджана ордэнам Маці.
Сама Кацярына Ванкевіч робіць у паштовай сферы Случчыны з 2008 года, працуе добрасумленна, пра яе работу толькі станоўчыя водгукі. Кацярына Мікалаеўна патомны паштавік – яе мама Ала Уладзіміраўна Ганчарэвіч адпрацавала ў гэтай галіне каля 30 гадоў, у свой час узначальвала паштовае аддзяленне ў Вясеі. Кацярына Ванкевіч адзначае, что работа патрабуе ўважлівасці, мабільнасці і вытрымкі, падабаецца –справа патрэбная людзям. Ды кожны дзень напоўнены сустрэчамі з мясцовымі жыхарамі, з землякамі, гэта ўжо як у вялікай сям’і – не бывае чужых праблем ці чужой радасці.

Новыя аблічча і фармат работы паштовага аддзялення ацанілі наведвальнікі, у тым ліку жыхары Вясеі Зінаіда Пархімовіч, Святлана Беразоўская, Мацвей Ясько. Сказалі, прыгожа і камфортна, вялікі дзякуй – сапраўдны навагодні падарунак для вяскоўцаў.





