Птушкай наступнага года выбрана патрыётка Палесся, паляшучка – белая сініца (рус. – белая лазоревка) – невялікая прыгожая пеўчая птушка, якая жыве ў нас толькі на Палессі. Менавіта за яе кандыдатуру прагаласавалі сябры АПБ. Яна змяніла леляка – птушку 2021 года.

Да гэтага яна перамагла ў анлайн-галасаванні. Так яна стала адной з трох кандыдатак на званне птушкі года, астатнімі былі скапа і звычайная туркаўка.
Белая сініца мае яшчэ адну назву – князёк, сапраўдны князёк сярод сініц! Гэта адзін з сямі відаў сініцавых у Беларусі.
Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі яшчэ з першага выдання. Колькасць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500 – 800 пар.
Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка
Птушка меншая за вераб’ёў: вага да 16 г, размах крылаў да 21 см. У кладцы да 11 яек. Два тыдні птушкі іх наседжваюць і столькі ж выкормліваюць птушанят.
Гняздуе ў Беларусі і Украіне толькі ў Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
Для гнездавання птушцы патрэбны дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень.
Пры ўтварэнні пары самец робіць адмысловы рытуал – корміць самачку.
У красавіку, калі ў белай сініцы пачынаецца гнездавы сезон, яе лёгка заўважыць: самец вельмі актыўна спявае на сваім участку. А вось падчас выкормлівання птушанят белыя сініцы паводзяцца як партызаны – хаваюцца.
Гняздо робіць, як і іншыя сініцавыя, у дупле, вядомыя выпадкі гнездавання ў шчылінах дамоў. Не цураецца людзей і часта селіцца ў населеных пунктах. З задавальненнем займае сінічнікі – штучныя дуплянкі. Гнёзды часта робіць нізка, часам усяго на паўметра ад зямлі!
Узімку яе можна пабачыць у густых зарасніках трыснягу па поймах рэк. Яна расшчапляе моцнай дзюбай цвёрдыя сцёблы трыснягу і парасонавых раслін, адшукваючы схаваных там лічынак казурак. Узімку можа есці і насенне.
Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка
Белая сініца – адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой, шмат турыстаў прыязджае да нас на Палессе, каб пабачыць менавіта яе.
Асноўныя пагрозы для белай сініцы – меліярацыя пойм палескіх рэк і забалочаных лясоў, веснавыя палы ў поймах. Яшчэ адна з пагроз – недахоп месцаў гнездавання праз вырубку старых дрэў, акрамя таго, шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абаронены ад драпежнікаў (у першую чаргу ў вёсках – ад катоў). Выраб адмысловых сінічнікаў мог бы дапамагчы ў павелічэнні папуляцыі птушкі 2022 года. Акрамя таго, біялогія гэтага скрытнага віду кепска даследавана ў Беларусі, як і ва ўсім арэале. Кальцаванне дапаможа атрымаць больш інфармацыі пра перамяшчэнні белых сініц.
Каб нават з Аўстраліі кожны мог паназіраць за нашымі князькамі, АПБ паспрабуе зладзіць анлайн-трансляцыю з кармушкі ў Палессі, куды яны могуць прылятаць паласавацца семечкамі сланечніка. Калі жывеш недалёка ад поймы Прыпяці – пастаў кармушку, і князькі прыляцяць і да цябе!
  • Даведка: У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц. 2021 год праходзіць пад крыламі леляка.

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.

Фота Андрэя Шэўчыка

Похожие записи