Мы клапоцімся пра сваё здароўе, жыццё, дабрабыт. Штодня мы зачыняем
уваходныя дзверы на замок, адпраўляючыся ў адпачынак перакрываем вентылі
газу, у моцную навальніцу адключаем ад электрасеткі нават
халадзільнікі, страхуем сваё жыллё і здароўе. Усё для таго, каб адчуваць
сябе абароненымі ва ўласным доме.
У рамках рэспубліканскай
прафілактычнай акцыі «Апавяшчальнік у кожны дом» разам з работнікамі
Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рэйд па жылым
фондзе сярод грамадзян сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва
адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».
– У рамках акцыі ў
кожным з наведаных домаўладанняў супрацоўнікам ПУП «ВитКомМаш» будзе
ўсталяваны адзін аўтаномны пажарны апавяшчальнік за кошт фірмы, –
адзначыў намеснік начальніка Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных
сітуацыях Віктар Васіленка. – Усяго фірмай на бязвыплатнай аснове
прадастаўлена 20 апаратаў.
Па першым адрасе нам адчыніла дзверы пажылая жанчына, якая вельмі ўзрадавалася візіту ратавальнікаў.
–
Ой, дзеткі, праходзьце! – мітусілася гаспадыня дома. – Вось парайце:
пара мне мяняць праводку ці не? Яна ў мяне прыхаваная, як зразумець?
Пацікавіўшыся,
колькі гадоў не рабілася яе замена, і ўлічваючы, што мінулым летам
падчас навальніцы ў дом жанчыны трапіла маланка, што прывяло да выхаду з
працоўнага стану некаторай бытавой тэхнікі, праводку жанчыне ўсё ж
параілі замяніць.
На пытанне ці ёсць у доме аўтаномны пажарны
апавяшчальнік, быў атрыманы адмоўны адказ. Пасля кароткага абмеркавання
было вырашана ўстанавіць апарат у спальні.
Ратавальнікі
патлумачылі гаспадыні дома, апавяшчальнікі спрацоўваюць нават пры
нязначных канцэнтрацыях дыму ў памяшканні (практычна ў пачатковай стадыі
ўзгарання або пажару), падаючы гучны гукавы сігнал і своечасова
папярэджваючы аб неабходнасці тэрмінова пакінуць памяшканні. Па
статыстыцы 80% людзей гінуць на пажарах ад прадуктаў гарэння. Акрамя
таго, у начны час у стане сну немагчыма адчуць небяспеку.
Па
другім адрасе пражывае інвалід другой групы, за ім прыглядвае
сястра-пенсіянерка. У доме ёсць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, але ён
быў умацаваны над куханнай плітой, што супярэчыць правілам экслуатацыі
апарата.
Як высветлілася, апавяшчальнік быў няспраўным з-за вялікай колькасці наліплых тлушчу і пылу.
Ратавальнікі
далі парады, як прывесці сваё жыллё ў пажарабяспечны стан, таксама
ўстанавілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік у адным з жылых пакояў.
Адначасна тлумачачы, што догляду асаблівага за ім не патрабуецца, усяго
толькі рабіць замену кроны раз у год, чысціць ад пылу аптычную сістэму і
раз у месяц правяраць працаздольнасць пры дапамозе тэставай кнопкі.
Адсутнічалі
апавяшчальнікі і па наступных трох адрасах сацыяльна неабароненых
катэгорый грамадзян. Усім у рамках акцыі былі ўстаноўлены
апавяшчальнікі.
Пры наведванні кожнага з домаўладанняў работнікі
Слуцкага РАНС распавялі грамадзянам аб асноўных прычынах узнікнення
пажараў у жылым фондзе і гібелі людзей ад іх і ўручылі змястоўныя
буклеты з карыснай інфармацыяй. Уладальнікам дамоў нагадалі сачыць за
станам электрычнай праводкі ў доме, своечасова яе мяняць і рамантаваць,
утрымліваць у пажарабяспечным стане печы, іншае ацяпляльнае
абсталяванне.