Мы клапоцімся пра сваё здароўе, жыццё, дабрабыт. Штодня мы зачыняем уваходныя дзверы на замок, адпраўляючыся ў адпачынак перакрываем вентылі газу, у моцную навальніцу адключаем ад электрасеткі нават халадзільнікі, страхуем сваё жыллё і здароўе. Усё для таго, каб адчуваць сябе абароненымі ва ўласным доме.
У рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Апавяшчальнік у кожны дом» разам з работнікамі Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рэйд па жылым фондзе сярод грамадзян сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».
– У рамках акцыі ў кожным з наведаных домаўладанняў супрацоўнікам ПУП «ВитКомМаш» будзе ўсталяваны адзін аўтаномны пажарны апавяшчальнік за кошт фірмы, – адзначыў намеснік начальніка Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віктар Васіленка. – Усяго фірмай на бязвыплатнай аснове прадастаўлена 20 апаратаў.
Па першым адрасе нам адчыніла дзверы пажылая жанчына, якая вельмі ўзрадавалася візіту ратавальнікаў.
– Ой, дзеткі, праходзьце! – мітусілася гаспадыня дома. – Вось парайце: пара мне мяняць праводку ці не? Яна ў мяне прыхаваная, як зразумець?
Пацікавіўшыся, колькі гадоў не рабілася яе замена, і ўлічваючы, што мінулым летам падчас навальніцы ў дом жанчыны трапіла маланка, што прывяло да выхаду з працоўнага стану некаторай бытавой тэхнікі, праводку жанчыне ўсё ж параілі замяніць.
На пытанне ці ёсць у доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік, быў атрыманы адмоўны адказ. Пасля кароткага абмеркавання было вырашана ўстанавіць апарат у спальні.
Ратавальнікі патлумачылі гаспадыні дома, апавяшчальнікі спрацоўваюць нават пры нязначных канцэнтрацыях дыму ў памяшканні (практычна ў пачатковай стадыі ўзгарання або пажару), падаючы гучны гукавы сігнал і своечасова папярэджваючы аб неабходнасці тэрмінова пакінуць памяшканні. Па статыстыцы 80% людзей гінуць на пажарах ад прадуктаў гарэння. Акрамя таго, у начны час у стане сну немагчыма адчуць небяспеку.
Па другім адрасе пражывае інвалід другой групы, за ім прыглядвае сястра-пенсіянерка. У доме ёсць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, але ён быў умацаваны над куханнай плітой, што супярэчыць правілам экслуатацыі апарата.
Як высветлілася, апавяшчальнік быў няспраўным з-за вялікай колькасці наліплых тлушчу і пылу.
Ратавальнікі далі парады, як прывесці сваё жыллё ў пажарабяспечны стан, таксама ўстанавілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік у адным з жылых пакояў. Адначасна тлумачачы, што догляду асаблівага за ім не патрабуецца, усяго толькі рабіць замену кроны раз у год, чысціць ад пылу аптычную сістэму і раз у месяц правяраць працаздольнасць пры дапамозе тэставай кнопкі.
Адсутнічалі апавяшчальнікі і па наступных трох адрасах сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян. Усім у рамках акцыі былі ўстаноўлены апавяшчальнікі.
Пры наведванні кожнага з домаўладанняў работнікі Слуцкага РАНС распавялі грамадзянам аб асноўных прычынах узнікнення пажараў у жылым фондзе і гібелі людзей ад іх і ўручылі змястоўныя буклеты з карыснай інфармацыяй. Уладальнікам дамоў нагадалі сачыць за станам электрычнай праводкі ў доме, своечасова яе мяняць і рамантаваць, утрымліваць у пажарабяспечным стане печы, іншае ацяпляльнае абсталяванне.