Хто задумваўся над пабудовай паспяховага жыцця, разумее: для таго, каб хутка гэта зрабіць, патрэбен побач чалавек, які быў бы больш паспяховым і вопытным. Чалавек, да якога можна звярнуцца па параду і падтрымку. Такім чалавекам для многіх стала Любоў Фёдараўна ГУРБО.
У яе прамяністыя, уважлівыя вочы, адкрытая, шчырая ўсмешка, добра пастаўлены голас… З такім чалавекам хочацца пагаварыць, падзяліцца радасцямі і бедамі. Яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу і сказаць добрыя словы. Мусіць, такімі якасцямі і павінен валодаць сапраўдны настаўнік, кіраўнік. Не па дыпломе, а па прызванні!

Літаральна са школы яна вызначыла сваё прызванне – стаць настаўнікам. Шматгадовая карпатлівая праца пацвердзіла правільнасць выбару. Другім домам стала школа.
У Чэрвеньскім раёне Любоў Фёдараўну прызначылі спачатку намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, пазней – па вучэбнай, а неўзабаве – і дырэктарам школы. Любоў Фёдараўна праявіла сябе як актыўны, дзелавы кіраўнік, атрымлівала радасць ад працы, разам з калектывам ганарылася поспехамі і супрацьстаяла няўдачам.

Волей лёсу ў канцы 1970-х гадоў прыехала працаваць на Случчыну, дакладней, у аддзел адукацыі Слуцкага гарвыканкама: прайшла шлях ад метадыста да намесніка загадчыка аддзела. І ўсё яна рабіла таленавіта і якасна, старалася, каб Слуцкі раён быў у ліку першых.
За ўклад у развіццё адукацыі Любоў Фёдараўна ўдастоена шматлікіх узнагарод, сярод якіх – «Выдатнік народнай адукацыі БССР».
У Дзмітрыя Ліхачова ёсць такія словы: «Калі жыць толькі для сябе, сваімі дробнымі клопатамі аб уласным дабрабыце, то ад пражытага не застанецца і следу. Калі ж жыць для іншых, то іншыя зберагуць тое, чаму ты служыў, чаму аддаваў сілы». Гэтыя словы найлепш характарызуюць працу Любові Фёдараўны, якая сёння, знаходзячыся на заслужанным адпачынку, захоўвае адданасць сваёй прафесіі, застаецца неабыякавай да змен, якія адбываюцца ў адукацыі, падтрымлівае цесную сувязь з педагагічнай грамадскасцю раёна.
Паважаная Любоў Фёдараўна!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні з юбілейным днём нараджэння ад усёй педагагічнай сям’і Случчыны! Мы ўпэўнены, што ваша актыўная жыццёвая пазіцыя, вопыт будуць па-ранейшаму накіраваны на выхаванне падрастаючага пакалення. Здароўя Вам, бадзёрасці духу і аптымізму, дабрабыту, святочнага настрою!
Упраўленне па адукацыі Слуцкага райвыканкама,
ДУА «Слуцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет».