Кожны дзень Святланы Кароткай напоўнены гаспадарчымі справамі, а яшчэ – клопатамі вяскоўцаў. Святлана Уладзіміраўна – стараста вёскі Кажушкі.
Такі лад жыцця жанчыну задавальняе, яна гаворыць, што і на пенсіі не гожа нічога не рабіць. Праца – паратунак ад хвароб і дрэннага настрою, а яшчэ ёсць жаданне дапамагаць людзям.
Кажушкі – аддаленая вёсачка Знаменскага сельсавета. Ціхая, напоўненая водарам лесу – ён зусім побач. У Кажушках усяго 17 жылых дамоў, пастаянна пражываюць 25 чалавек, у асноўным людзі пажылога ўзросту.
– Нашы бабулечкі яшчэ фору любому дадуць, – усміхаецца Святлана Уладзіміраўна. – Многім далёка за 70, але з хатняй работай самастойна спраўляюцца, яшчэ і на агародзе папрацуюць. Па выхадных дзеці прыязджаюць, дапамагаюць, а ўлетку ў нашай вёсцы больш дачнікаў – з Мінска і Слуцка. Так што жывём, не бяды.
Стараста расказала, што калі трэба, прыязджае доктар з Лядненскай бальніцы, двойчы на тыдзень – аўталаўка Слуцкай базы аблспажыўсаюза. Вось толькі асартымент тавараў, прадуктаў не заўсёды разнастайны.

У тандэме са старшынёй Знаменскага сельвыканкама Вольгай Долбік стараста займаецца пытаннямі падтрымання чысціні і парадку на тэрыторыі вёскі. Святлана Уладзіміраўна дзеліцца, што ўчасткі на вуліцах каля дамоў вяскоўцы абкошваюць, прыбіраюць рэгулярна. У папярэднія гады, у тым ліку з удзелам дэпутатаў Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, навялі капітальны парадак на мясцовых могілках: высеклі старыя дрэвы, за сродкі вяскоўцаў набылі і ўстанавілі бетонны плот, браму, пафарбавалі.
– Але вось праблема – некаторыя недобрасумленныя грамадзяне вывозяць у кантэйнеры для смецця каля вясковых могілак бытавы хлам, нават старыя матрасы, рэшткі мэблі, – наракае Святлана Уладзіміраўна. – Не так даўно давялося прасіць суседа, каб ад такога бытавога смецця ачысціць кантэйнеры каля могілак у Кажушках. Наўрад ці мясцовыя жыхары вывезлі туды хлам, столькі сіл і намаганняў падчас суботнікаў было ўкладзена ў навядзенне парадку на могілках…
Усё жыццё Святланы Кароткай – сапраўды ў працы. З дзіцячых гадоў яна прывучана да вясковай работы. Лёс увогуле не песціў гэту жанчыну: у адзінаццаць гадоў засталася сіратой, былі і іншыя цяжкія выпрабаванні. Але яна не прывыкла падстаўляць плечы бядзе, выпрамлялася і ішла далей.
32 гады Святлана Уладзіміраўна адпрацавала даяркай на ферме ў Кажушках (калгас імя К. Маркса). Вяскоўка дзеліцца, работа была нялёгкай, уручную пераносілі мяшкі з кармамі, бачкі з малаком, але ніколі не енчыла, не скардзілася, што цяжка: трэба, значыць, трэба.
Яна і на заслужаным адпачынку «не супакойваецца», гаспадарка немалая: свінні, куры, качкі, дзве сабакі Граф і Рэкс, гарэзлівыя каты Барсік і Пушок. Святлана Уладзіміраўна – прыхільніца кветак, на яе прыдамавым участку цудоўныя клумбы, а яшчэ цікавыя кампазіцыі з гліны, альтанка, арэлі.




Дапамагаюць уладкоўваць участак дачка Марына і зяць Стас, якія кожныя выхадныя прыязджаюць са Слуцка разам з сынамі Ягоркам і Цімурам. Прыезд дзяцей і ўнукаў, канечне, заўсёды вялікая радасць.
– Гэта спагадлівы, мудры, працавіты чалавек, – гаворыць пра старасту Кажушак старшыня Знаменскага сельвыканкама Вольга Долбік. – На такіх людзях трымаецца вёска.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.