У сельскіх населеных пунктах Случчыны далучыліся да месячніка па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый: у мінулую суботу добра папрацавалі, арганізаваўшы суботнікі.



У добраўпарадчых работах прынялі ўдзел работнікі сельвыканкамаў, сельгасарганізацый і арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсаветаў, мясцовыя жыхары.
Падчас суботніка навялі парадак на могілках у вёсках Чыжоўка і Балотчыцы. Старшыня Беліцкага сельвыканкама Галіна Валюкевіч адзначыла, што актыўна прымаюць удзел у добраўпарадчых работах мясцовыя жыхары. Стараста вёскі Балотчыцы Ніна Шведава ў суботу разам з вяскоўцамі добраўпарадкоўвала грамадзянскія могілкі.
– Навядзенне парадку на зямлі – адказнасць кожнага з нас. І гэта павінна быць не разавай акцыяй. Чыстата ў населеных пунктах – паўсядзённая сістэматычная работа. Вяскоўцы абкошваюць прысядзібныя ўчасткі, добраўпарадкоўваюць тэрыторыі, – адзначыла Ніна Шведава.
Работнікі Бокшыцкага сельвыканкама наводзілі парадак каля будынка ўстановы: раней там спілавалі старое дрэва, таму ачышчалі тэрыторыю ад яго рэшткаў. Вялікі фронт добраўпарадчых работ разгарнулі ў Вясейскім сельсавеце: навялі парадак каля помніка ў вёсцы Каліта, пафарбавалі агароджу вакол Вясейскай школы, заклалі новыя кветнікі ў Мялешкаўскай школе і іншае, працаўнікі ААТ «Вясейскі Пакроў» абкошвалі тэрыторыю.
Працаўнікі і тэхніка саўгаса «Рачкавічы» былі задзейнічаны на зносе пустуючых дамоў у Рачкавічах і добраўпарадкаванні могілак у Чайчыцах. Наведзены парадак і на грамадзянскіх могілках у вёсцы Чапліцы.
Да эстафеты па навядзенні парадку далучыліся і ў іншых сельсаветах раёна: добраўпарадкоўвалі могілкі, фарбавалі агароджы, ачышчалі ад смецця тэрыторыі агульнага карыстання.
Згадзіцеся, наша жыццё становіцца больш камфортным, калі навокал чысціня і парадак. Таму далучайцеся і прымайце актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні і падтрыманні парадку на зямлі. 
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи