Мы ўпершыню святкавалі гэта свята – Дзень народнага адзінства. І ў Слуцку яно прайшло незабыўна, феерычна. Няхай непагадзь, няхай дождж, канцэртная праграма “Мы едныя!”, прысвечаная Дню народнага адзінства”, сабрала на стадыёне ў гарадскім парку культуры і адпачынку ў Слуцку больш за дзве тысячы ўдзельнікаў і шмат гледачоў!

 Мы разам спявалі Дзяржаўны гімн нашай роднай Беларусі, разам з удзельнікамі відовішчнага сцэнічнага дзейства пераносіліся да лёсавызначальных, важных старонак гісторыі і кірункаў жыцця краіны, роднага краю.

Старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі, звяртаючыся да ўдзельнікай свята, нагадаў, што Дзень народнага адзінства заснаваны ў памяць пра пераломную і знакавую падзею ў лёсе краіны – з’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.  Еднасць і згода заўсёды былі ўласцівы жыхарам Беларусі. І мы, сучаснае пакаленне, павінны захоўваць гэтыя бясцэнныя каштоўнасці. Дзень народнага адзінства – дзень  трыумфу беларускага народа, які з гонарам  прайшоў праз суровыя выпрабаванні, што выпалі на яго долю. Наш народ надзелены мужнасцю, сілай, мудрасцю сам будаваць сваю будучыню. Кіраўнік раёна зычыў случчанам здароўя, дабрабыту, поспехаў, каб гэты дзень садзейнічаў яшчэ большай еднасці – у калектыве, сям’і, у краіне, памнажаючы радасць і шчасце ў кожным доме. 

Андрэй Уладзіслававіч уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзякі старшыні райвыканкама  шэрагу случчан за поспехі і дасягненні ў розных сферах дзейнасці. У тым ліку Ганаровымі граматамі райвыканкама ўзнагароджаны: вучань 10-га класа гімназіі №1 Раман Пенязь, начальнік аддзела карпаратыўнага бізнесу ЦБУ №615 ААТ “ААБ Беларусбанк” Алена Кажурава, егер Слуцкага лясгаса Васілій Макарэня, закройшчыца швейнага атэлье “Купалінка” Ларыса Міхалкевіч, медсястра кардыялагічнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Саланіцына, вадзіцель АП №2 Сяргей Цярэшка, прадавец магазіна №5 прадпрыемства “Слуцкі рынак аблспажыўсаюза” Алена Чыж,  малодшая медсястра аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сняжана Шулякоўская. 

Яркае, арыгінальнае, кранальнае, музычнае, песеннае, разнастайнае… Канцэртнае дзейства свята было падзелена на тэматычныя часткі, якія гарманічна складваліся  ў адзінае цэлае, былі прасякнуты агульнай ідэяй – мы разам, усе мы  – частка вялікай еднасці – беларускі народ. У гэтай вялікай канцэртнай праграме былі задзейнічаны творчыя калектывы, установы адукацыі, прадпрыемствы, арганізацыі Случчыны, і дарослыя, і маленькія случчане. Сапраўды, атрымалася вельмі прыгожа, маштабна, пранікнёна,  эмацыянальна, што немагчыма было стрымаць слёз.

Са святам, дарагія землякі! Гэта праўда, еднасцю моцны род чалавечы, народ і дзяржава. Трэба памятаць пра гэта 17 верасня  і кожны новы дзень, шанаваць і берагчы тое, што здабыта продкамі, што мы павінны перадаць нашчадкам – мір і згоду на роднай зямлі.



















































































Похожие записи