Навядзенне парадку ў населеных пунктах, на вытворчых аб’ектах – працэс пастаянны. Згадзіцеся, двух суботнікаў у год недастаткова, каб было чыста і прыгожа. Многае робіцца ў населеных пунктах, але ж ёсць і праблемныя пытанні. Вось для актывізацыі работ па добраўпарадкаванні на мінулым тыдні праведзены маніторынг Знаменскага, Бокшыцкага і Сяражскага сельсаветаў.
У ім прынялі ўдзел старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі, яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Аўсяннікава, кіраўнікі некаторых раённых службаў. Дарэчы, маршрут нікому не быў вядомы, яго вызначылі непасрэдна перад выездам.
Дарога. Ужо неаднаразова на старонках газеты ўздымалі гэта пытанне. Ёсць праблемы з падтрыманнем дарог: калі абочыны яшчэ трохі абкошваюць, то палосы адвода – не спяшаюць. І гэта не толькі дарогі ў сельскіх населеных пунктах. На аўтадарозе Р23 таксама існуе гэта праблема. Гэта ж дарога першай катэгорыі. Але чамусьці ўздоўж яе тэрыторыя абкошана не да канца або лапінамі.
Бокшыцкі сельсавет першым прымаў нечаканых гасцей. Як адзначыў старшыня Бокшыцкага сельвыканкама Уладзімір Гарбенка, адна з хвалюючых праблем – добраўпарадкаванне могілак, а іх на тэрыторыі сельсавета 11. У Міхейках, напрыклад, было складана сабраць людзей на суботнік. Але ж летась да добраўпарадкавання далучыліся актыўныя вяскоўцы, нераўнадушныя грамадзяне, і за іх сродкі спілавалі і прыбралі ўсе вялікія дрэвы на могілках.
У дзень аб’езду каля могілак расло пустазелле, побач – куча смецця. На заўвагу старшыня сельвыканкама сказаў, што смецце будзе вывезена пазней, бо вяскоўцы яшчэ наводзяць парадак.
Зразумела, што для арганізацыі нейкіх маштабных работ па добраўпарадкаванні грамадзянскіх могілак без бюджэтных сродкаў неабходны аднадумцы сярод насельніцтва. У Бокшыцкім сельсавеце ёсць добры прыклад для іншых населеных пунктаў – жыхары вёскі Гарадзішча. Уласнымі сіламі яны добраўпарадкоўваюць месцы агульнага карыстання, могілкі, абсталявалі невялікі парк у вёсцы, у планах – валейбольная пляцоўка.
– На могілках няма зарослых месцаў пахаванняў, таму што старыя магілкі, за якімі няма каму даглядаць, жыхары размеркавалі паміж сабой і наводзяць там парадак, – адзначыў Уладзімір Гарбенка.
– Немагчыма раптоўна прывесці ў ідэальны стан усе могілкі, праводзіцца паэтапная работа па іх уладкаванні. Штогод на сельскіх могілках раёна ўсталёўваюць сучасныя агароджы, кантэйнерныя пляцоўкі. Немалую дапамогу ў гэтым аказваюць мясцовыя сельгасарганізацыі, – расказала старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аўсяннікава.
Насельніцтву трэба памятаць, што даглядаць і падтрымліваць парадак на грамадзянскіх могілках абавязак, у першую чаргу, тых людзей, чые родныя і блізкія там пахаваны.
Заехалі ў магазін у вёсцы Міхейкі. Невялікі будынак, але ж патрабуе рамонту. Па будынку ідзе шчыліна, абабіты падмурак. У магазіне акуратна растаўлены на паліцах тавар. Вось толькі яго асартымент невялікі. Ёсць прадукцыя Слуцкага хлебазавода. А вось малочных тавараў і мясных недастаткова.


Што тычыцца саміх населеных пунктаў, то там таксама ёсць пытанні. Згадзіцеся, ніяк не ўпрыгожваюць вёскі паваленыя агароджы, зарослыя пустазеллем участкі, кучы пяску на вуліцах. Кожнаму варта праяўляць свядомасць. Дарэчы, у раёне з вяскоўцамі праводзяць работу, каб агароджы мелі добры выгляд, распрацаваны графікі па замене праблемных агароджаў.
Вытворчыя аб’екты, размешчаныя побач ці ў сельскіх населеных пунктах таксама павінны мець належны выгляд. На жаль, не заўсёды кіраўнікі сельгасарганізацый і спецыялісты заўважаюць, што тэрыторыя засмечана, побач расце пустазелле. Здаецца, дробязь, але… Вось і падчас наведвання малочнатаварнага комплексу Забалаць філіяла «Падсобная сельская гаспадарка «Наша Ніва» Слуцкага мясакамбіната былі зроблены заўвагі.


Спыніліся і каля Бокшыцкай сярэдняй школы. Сёлета за сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця там заменены вокны, дах. У наступным годзе плануюць адрамантаваць фасад будынка.
Падчас наведвання Сяражскага сельсавета, старшыня сельвыканкама Арцём Дзям’янаў расказаў, што вядзецца пэўная работа з пустуючым і старым жыллём па ўказе №357 «Аб пустуючых і старых дамах». У Падліпцах сёлета за бюджэтныя сродкі былі знесены два дамы, тэрыторыя будзе ўключана ў севазварот. Адзін дом выстаўлены на продаж. Яшчэ ААТ «Аграфірма «Лучнікі» разабрала будынак лазні.
– Калі беспарадак на прысядзібным участку грамадзян, прыцягваем да адказнасці. Праводзім з насельніцтвам растлумачальную работу, – адзначыў Арцём Дзям’янаў. – Таксама выдавалі папераджальныя пісьмы некаторым грамадзянам, што агароджа не адпавядае нормам. У залежнасці ад магчымасцей, адны – замянілі, другія – адрамантавалі і пафарбавалі.
У добраўпарадкаванні могілак дапамагае ААТ «Аграфірма «Лучнікі»: выдзяляе людзей і тэхніку, каб прыбраць буйнагабарытнае смецце (галлё, вянкі і іншае).
Маніторынг Знаменскага сельсавета пачалі з наведвання вытворчых аб’ектаў сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». Шэраг заўваг быў зроблены на малочнатаварным комплексе вёскі Знамя і мехдвары сельгасарганізацыі.


Тэрыторыя мехдвара вялікая, але добраўпарадчыя работы не завершаны. Ужо не адзін раз гаварылі кіраўніцтву СГФ, што неабходна заасфальтаваць тэрыторыю. У дзень наведвання было цёпла, свяціла сонейка, але ж там дзе-нідзе былі лужы. Магчыма тэхніку мылі сярод мехдвара, але ж прычэпы гразныя стаялі. А калі пачынаюцца дажджы, там – гразь. Намеснік начальніка сельгасфіліяла Сяргей Цэйко гаварыў, што сёлета тэрыторыю мехдвара заасфальтуюць, работы ў гэтым напрамку ўжо праводзяцца.



На тэрыторыі сельсавета таксама ёсць праблемныя ўзбочыны дарог. На ўездзе ў Лапацічы – калючкі, вакол указальніка на вёску Шалавічы – таксама пустазелле. На месцы былога міні-палігона каля Лапаціч – куча смецця.

Хто (ці вяскоўцы, ці сельгасарганізацыя) яго туды вывез – невядома. Сметнік нясе пагрозу прыродзе і людзям: адходы, якія раскладаюцца, атручваюць паветра, глебу, падземныя воды. А некантралюемы сметнік больш небяспечны ў разы. Падчас маніторынгу дадзены даручэнні па рашэнні гэтай праблемы.
Старшыня Знаменскага сельвыканкама Вольга Долбік расказала, што сёлета за бюджэтныя сродкі знесены чатыры дамы, і адзін – за кошт грамадзяніна, якому прыглянуўся пэўны ўчастак. Ён знёс дом, які быў ва ўласнасці сельвыканкама, а ўчастак пераразмеркавалі пад будаўніцтва.
Сёлета на знос пустуючых і старых дамоў Знаменскаму сельвыканкаму выдзелена 10 400 рублёў, палову з іх ужо асвоілі. Да канца года на тэрыторыі сельсавета плануюць знесці яшчэ чатыры безгаспадарныя дамы.
Што тычыцца добраўпарадкавання могілак, то ў гэтым напрамку актыўна працуюць з насельніцтвам. Большасць агародж зроблена за сродкі вяскоўцаў. Сёлета па ініцыятыве старшыні Мінаблвыканкама з абласнога бюджэту ў кожны сельсавет на добраўпарадкаванне тэрыторый сельскіх населеных пунктаў дадаткова выдзелена па 10 тысяч рублёў. У Знаменскім сельсавеце за гэтыя сродкі наводзяць парадак на могілках ў Нявязцах: часткова ўстаноўлена агароджа, работы будуць працягвацца.
Пэўныя заўвагі па добраўпарадкаванні зрабілі кіраўніцтву ААТ «Падлессе-2003».
Старшыня райвыканкама Андрэй Янчэўскі адзначыў, што візітнай карткай кожнага населенага пункта з’яўляецца ўезд у яго. Таму на кантролі заўсёды павінен быць стан уязных знакаў, дарог, знешні выгляд усіх аб’ектаў інфраструктуры, домаўладанняў і прылягаючых да іх тэрыторый, грамадзянскіх могілак, і шмат іншых момантаў. Усім службам неабходна актывізавацца, каб у нашых вёсках было прыгожа і ўтульна. Маніторынг будзе працягнуты.
Ірына КАВАЛЕНКА.