Што падабаецца і чаго не хапае ў горадзе? Ці ёсць тут усё для камфортнага жыцця? Што хацелася б змяніць і ці задаволены жыхары горада жыццём?

З гэтымі пытаннямі карэспандэнт «Слуцкага краю» звярнулася  да прахожых:  
Любоў МЯЛЕШКА, пенсіянерка:
– Жыць добра. Усё навокал прыгожа, добраўпарадкавана і абсталявана. Але хочацца, каб было больш месцаў для адпачынку, у тым ліку забаў для дзяцей у парку культуры і адпачынку. Да прыкладу, як у парках Салігорска.



Таццяна ЗОРЫНА, работнік раённага вузла сувязі:
– Што  тычыць узроўню заработнай платы, то, лічу, што ў нас яна нядрэнная. На жыццё хапае. Сам горад, у якім жыву, вельмі ўтульны. Але хочацца, каб была такая вуліца, па якой бы не ездзілі машыны, ціхая, па тыпу бульвара, дзе б можна было адпачыць вечарам з сябрамі, роднымі, знаёмымі. Такія вуліцы ёсць у некаторых раённых гарадах. Штосьці падобнае – гэта сквер па вуліцы Камсамольскай, вось бы яго крыху яшчэ ўладкаваць!
Сняжана БУРЦАВА, вучаніца:
– Хочацца больш спецыялізаваных месцаў для катання на тым жа веласіпедзе, скейтбордзе.  Каб моладзь не каталася па тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. Лічу, гэта не падыходзячае для катання месца. «Сумны» парк. Хочацца хоць штосьці там для разнастайнасці. А ў цэлым, у нас  у Слуцку добрыя людзі, шмат магазінаў, бібліятэка. Па чыстым горадзе прыемна вечарам прайсціся з сябрамі.



Дзмітрый ШАЎЧЭНКА, гандлёвы прадстаўнік:
– Рэалізаваць сябе ў поўнай меры ў Слуцку складана, хочацца атрымліваць і добрую заработную плату. Таму  вырашыў, што буду працаваць гандлёвым прадстаўніком. Праца цікавая, ды і заработак нядрэнны.
У мяне двое дзетак. Па выхадных імкнуся адпачыць з сям’ёй. Хочацца, каб у нашым парку ўсё ж зрабілі больш атракцыёнаў для дзяцей.
Аксана МІЛЬЧАНКА, работнік аддзялення Белдзяржстраху:
– Горад невялікі, але, калі вельмі хацець і імкнуцца, то можна і заработную плату атрымліваць годную і ўсяго дасягнуць. Мне падабаецца наш горад, утульна ў ім і зручна.       
                                                                                     
Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи