Важным для здароўя людзей з’яўляецца ўжыванне чыстай вады. З гэтай мэтай у нашай краіне, пачынаючы з 2006 года, рэалізуецца дзяржаўная праграма па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада». Дзякуючы ёй станцыі абезжалезвання ўжо пабудаваны  ў многіх сельскіх населеных пунктах краіны. Не выключэнне і Случчына. У нашым раёне пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 12 такіх станцый.

У гэтым годзе яны з’явяцца ў Замосці і Селішчы. Так, станцыю ў Замосці плануюць запусціць у дзеянне ў гэтым месяцы. Зараз там вядуцца пуска-наладачныя работы, добраўпарадчыя. Гэта сёмы па ліку такі аб’ект, які пабудаваны ў нашым раёне пад непасрэдным кіраўніцтвам упраўлення капітальнага будаўніцтва.

– Чарговасць будаўніцтва станцый  вызначаецца перш за ўсё паказчыкамі ўтрымання жалеза ў вадзе ў той ці іншай мясцовасці. Дзе яго найбольш, там будуем у першую чаргу, – расказвае дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна Ігар Радзівонаў. – Магутнасць жа станцый вызначаецца па колькасці  пражываючых у той ці іншай мясцовасці, у тым ліку будуюцца яны і з перспектывай падключэння новых домаўладанняў. Так, станцыя ў Замосці будзе магутнасцю 5 м3 – столькі вады яна будзе прапускаць і ачышчаць за гадзіну. Пры ёй пабудавана і будзе ўведзена ў эксплуатацыю новая свідравіна глыбінёй 145 метраў. Дарэчы, месца для будаўніцтва станцыі і свідравіны выбрана невыпадкова – дзе размяшчалася былая свідравіна. Яна толькі падавала ваду, але не абезжалезвала яе. Будаўніцтва новай свідравіны побач з былой дазволіла выканаць урэзку ў існуючыя сеткі, зэканоміць час і грашовыя сродкі. Падрадчай арганізацыяй на дадзеным аб’екце  выступае ПМК -71.

Чыстай вадой у выніку будзе забяспечана школа і жылы сектар. Падобныя станцыі разлічаны на 20 гадоў бесперапыннай работы, цалкам аўтаномныя. Вада ачышчаецца не толькі ад жалеза, але і ад розных прымесяў, смецця, ультрафіялетавыя ўстаноўкі ліквідуюць у тым ліку і бактэрыі, сцвярджаюць спецыялісты.

Дарэчы, дапушчальная норма ўтрымання жалеза – 0,3 грама на 10 літраў вады. У Замосці, да прыкладу,  гэты  паказчык складаў 2,4.

– У наступным годзе падобныя станцыі плануем пабудаваць у Гольчычах, Леткаўшчыне і Жылін Бродзе. Зараз вядуцца работы па іх праектаванні, – расказвае Ігар Уладзіміравіч.

Будаўніцтва станцый вядзецца за сродкі рэспубліканскага і, часткова, абласнога  бюджэтаў. Так, на будаўніцтва дадзенай станцыі  будзе зрасходавана больш за 375 тысяч беларускіх рублёў.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи