На фота: Юльян Акуліч з сынам.
Жыхарка Слуцка Аляксандра Ілюкевіч пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ведае ад свайго бацькі, які ў складзе партызанскага атрада змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Успамінамі яна падзялілася са «Слуцкім краем».
Яе бацька Юльян Акуліч нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Адамова. Ужо з малых год ён працаваў у сельскай гаспадарцы. З 1922 па 1924 гады Юльян Іосіфавіч служыў у радах Чырвонай Арміі, а пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Адамова. У час калектывізацыі ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі мясцовага калгаса. Потым аднавяскоўцы выбралі яго старшынёй калектыўнай гаспадаркі, якую ён узначальваў 8 гадоў.
У час Вялікай Айчыннай вайны Юльян Акуліч быў партызанам, камандзірам узвода атрада імя Фрунзе 225-й брыгады імя Суворава. У цяжкі час ён стаў кандыдатам партыі, мужна змагаўся з ворагам. У пачатку вайны Юльян Іосіфавіч быў паранены.
– 23 лютага 1943 года нямецкая карная брыгада прыехала ў вёску Адамова. Жыхары вёскі не вельмі здзівіліся, паколькі гэта быў не першы іх прыезд. Раней карнікі прыязджалі ў вёску за прадуктамі харчавання. Аднак у той дзень усё было не так, як заўсёды, – расказвае Аляксандра Юльянаўна. – Бацька ў той час знаходзіўся дома ў вёсцы, паколькі атрымаў невялікае раненне. Ён заўважыў, што ў канцы вёскі – вогнішча. А напярэдадні яго старэйшы сын і дачка паехалі па сена разам з іншымі людзьмі. Каб папярэдзіць іх, ён хутчэй пабег праз лес. Дзякуючы яму гэтыя людзі засталіся ў жывых. Карнай аперацыяй кіравалі паліцаі Кудзёлка і Беразоўскі, якія жылі ў вёсцы Паўлаўка. Жанчын, дзяцей і старых сагналі ў хлеў і падпалілі. 78 чалавек згарэлі жывымі.
У гэтым пажарышчы ў Юльяна Іосіфавіча згарэлі два сыны, жонка, родная сястра і трое яе дзяцей. Іх косці ён потым знайшоў, пахаваў і паставіў помнік.
Партызанскі ўзвод Юльяна Іосіфавіча атрымаў загад злавіць паліцаяў. Яны вырылі яму і праляжалі ў ёй 7 сутак, каб затрымаць тых, хто загубіў іх родных. Яны ўжо ведалі, якімі шляхамі ходзяць паліцаі, і напалі на іх у самы нечаканы момант.
Аляксандра Юльянаўна атрымала сваё імя ў гонар першай жонкі свайго бацькі. Яна прызнаецца, што бацька не вельмі даглядаў сям’ю, але заўсёды стараўся дапамагчы іншым людзям.
23 лютага 1943 года спалілі не толькі Адамова, але і яшчэ 6 вёсак: Палікараўка, Руднаўка, Жылін Брод, Беразінец, Фадзееўка, Пераходы. Было знішчана 1 118 чалавек (іх расстралялі ці спалілі).
Гэта звесткі з даведкі Грэскага райвыканкама, якая ёсць у Аляксандры Юльянаўны.
Беражліва захоўвае яна і наградныя лісты свайго бацькі. У іх адзначаецца, што 19 красавіка 1943 года ў складзе партызанскага атрада ён удзельнічаў у разгроме нямецка-паліцэйскага гарнізона ў Покрашаве, 19 красавіка 1943 года – у баі з карнай экспедыцыяй немцаў СС у вёсцы Асавец Старадарожскага раёна, дзе было знішчана да 78 гітлераўцаў. 10 жніўня 1943 года прымаў удзел у «рэйкавай вайне»: на чыгунцы Мінск – Дзяржынск з яго ўдзелам было падарвана 270 чыгуначных рэек і іншае. За баявыя і працоўныя заслугі Аляксандр Юльянавіч адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Вялікай Айчынай вайны» I і II ступеняў і іншымі ўзнагародамі.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Юльян Іосіфавіч аднаўляў разбураную вайной гаспадарку. Ён працаваў дырэктарам райпрамкамбіната і старшынёй калгасаў імя Варашылава і «Чырвоны Кастрычнік». Таксама быў загадчыкам фермы, брыгадзірам паляводчай брыгады. Яго неаднаразова выбіралі дэпутатам Покрашаўскага сельскага Савета народных дэпутатаў, быў старшынёй таварыскага суда, народным кантралёрам.
У 1956 годзе ён ездзіў нават на выстаўку дасягненняў сельскай гаспадаркі. Сустракаўся і з Пятром Машэравым.
Вайна пазбавіла жыцця вялікую колькасць людзей, пакалечыла многіх, каму ўдалося выжыць. Нельга забываць гэтыя страшныя падзеі. Трэба памятаць, каб у будучым не паўтараць памылак.
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота з сямейнага архіва Аляксандры Ілюкевіч.