У свой час некаторыя сельгасарганізацыі адмовіліся ад вырошчвання азімага ячменю, паколькі клімат быў больш суровым, культура дрэнна пераносіць холад. Зімы сталі цяплейшымі, таму да вырошчвання гэтай культуры вяртаюцца. Па словах спецыялістаў, з яе нарыхтоўваюць высакаякасныя кармы для жывёлы, ды і тэрміны ўборкі культуры зручныя. Азімы ячмень паспявае хутчэй, чым жыта, пшаніца, трыцікале. Так, на Случчыне ў гэтым годзе азімы ячмень вырошчвалі ў 14 сельгасарганізацыях раёна. Плошчы, занятыя гэтай культурай, склалі каля 1 500 гектараў.

Галоўны аграном Мікалай Кананок з механізатарам Максімам Макатрэвічам.
Галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Падлессе-2003» Мікалай Кананок азначае, што працуе ў сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў, аднак на яго памяці гэту культуру тут не сеялі. І вось першы, можна сказаць, эксперыментальны год, 80 гектараў, з іх 15 былі засеяны элітнымі гатункамі замежнай селекцыі «тэрэза» і «ізацэл» – спецыяльна на насенне. Атрымалі 57 цэнтнераў з гектара – добры вынік.
Паспрыяла ўборцы і надвор’е. Пры дапушчальнай вільготнасці 14% зерне ўбіралі з вільготнасцю 12 – 13%. Таму яго давялося толькі пачысціць. Сушыць патрэбы не было.
– Зрабіў выснову, што паколькі клімат памяняўся, сеяць азімы ячмень варта не ў пачатку верасня, а прыкладна ў 12 – 17 чыслах, – перакананы Мікалай Іванавіч. – Гэта будзе садзейнічаць атрыманню аптымальнай гушчыні для лепшай зімоўкі, ды і культура будзе менш схільная да хвароб. Не выключана, што на наступны год плошчы пад яе павялічым, тым больш, што вопыт, як сеяць і што рабіць у сучасных кліматычных умовах, ужо ёсць.
А зерне азімага ячменю добрае падспор’е для гаспадаркі.
Стаўка – на рапс і азімую пшаніцу
У сельгасарганізацыі вырошчваюць таксама і іншыя культуры. Стаўка – на рапс (плошчы якога павялічылі з 450 да 600 гектараў) і азімую пшаніцу, якая штогод займае значныя плошчы і дае высокія ўраджаі. Вырошчваюць у гаспадарцы і жыта, а таксама яравы ячмень і азімая трыцікале айчынных гатункаў. Як заўважае спецыяліст, па ўраджайнасці яны не саступаюць замежным гатункам. Каля 30 гектараў займае гарох, прысутнічае ён і ў сумесі траў, што вырошчваюць на корм жывёле.