Механізатары Юрый Корзун і Аляксандр Шушкевіч.
Сярод лідараў зялёнага жніва ў Слуцкім раёне – механізатары філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» Слуцкага мясакамбіната Аляксандр Шушкевіч і Юрый Корзун.
У гаспадарцы Аляксандр працуе больш 20 гадоў, на кашэнні траў – пяты сезон. Штодня на яго рахунку 40 – 45 гектараў скошаных траў.
– Найлепш косіцца ў сонечны дзянёк, з ветрыкам, – расказвае Аляксандр, – Косім і пасля невялікага дожджыку, калі травы не вельмі вільготныя. Працы ў нас яшчэ на тыдзень. Потым іншыя віды работ – іх у механізатараў хапае.

Дарэчы, Аляксандр Шушкевіч штогод у ліку лепшых работнікаў на жніве і не толькі. Кажа, трэба любіць працаваць, з тэхнікай сябраваць. А любоў да яе яшчэ бацька прывіў. Зараз у Аляксандра касілка з 9-мятровым захопам, што, па словах механізатара, вельмі зручна і спрыяе хуткаму кашэнню траў.
Юрый Корзун на касавіцы ўжо трэці сезон. Праца не з лёгкіх, але яму падабаецца.
Тут жа, у гаспадарцы, працуюць яшчэ два браты Юрыя. Як жа не любіць зямлю і працу на ёй, калі ты тут вырас, гаворыць механізатар.
– Першы ўкос сёлета быў лепшым, чым у мінулым годзе. Зараз важна хутка ўбраць на кармы травы другога, – адзначае выконваючы абавязкі галоўнага агранома сельгасарганізацыі Аляксандр Зяневіч. – Летась восенню пасеялі азімы ячмень, прыступілі да яго ўборкі. Усяго – 130 гектараў.
Ураджай, на думку спецыяліста, чакаецца нядрэнны.
Наталля ГРАМЫКА.