Побач з Ірынай Леанідаўнай утульна, нібы з родным чалавекам. Яе душэўная цеплыня і жыццялюбства сагрэюць любое «заледзянелае» сэрца. Ірына Леанідаўна Ляткоўская працуе сацыяльным работнікам, а яшчэ яна стараста вёскі Падліпцы (на здымку).
– Зірніце, колькі буслоў віруе над нашай вёскай, – усміхаецца жанчына. – Энергетыкі ўвосень некалькі буслянак у Падліпцах разбурылі, гнёзды побач з электралініямі былі. Мы ўжо думалі, што буслікі ў нас болей не паселяцца. А яны вясной вярнуліся, новыя гнёзды звілі, – усміхаецца Ірына Леанідаўна. – Яно і зразумела, радзіма! І ўвогуле, гэта добры знак, калі буслы селяцца ў вёсцы, значыць, ёсць будучае ў яе. Ды я і без прымет гэта добра ведаю, у нашай вёсцы некалькі маладых сем’яў нават з Мінска дамы купілі, улетку дзяцей і моладзі колькі, жывуць мае родныя Падліпцы!
Не магу не пагадзіцца з Ірынай Леанідаўнай, вёска Падліпцы ладная, з прыгожымі краявідамі, добрымі дамамі і дарогамі, 6 вуліц, больш за 100 жыхароў. Рэгулярна прыязджае аўталаўка.
Штодня гэта энергічная, няўрымслівая жанчына на веласіпедзе адпраўляецца да сваіх падапечных: сацыяльны работнік Ірына Ляткоўская абслугоўвае дзевяць аднавяскоўцаў – дастаўляе прадукты, лекі, займаецца хатняй гаспадаркай, выконвае іншую работу. Праведвае і іншых жыхароў Падліпцаў, цікавіцца жыццём, справамі, як і належыць старасце.
– Здараецца, якая праблема, перабоі ў калонцы з вадой, не працуе телэфон ці прапала святло, – аднавяскоўцы мне часта тэлефануюць, – расказвае Ірына Леанідаўна. – Іншы раз жартам нават параўноўваю сябе з даведкавай службай. Большасць жыхароў нашай вёскі людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, жыццё Падліпцаў нала-джанае, стабільнае. Мяне радуе, што я патрэбна людзям, што ўдаецца рашаць іх праблемы. Канечне, актыўна ўзаемадзейнічаю з Сяражскім сельвыканкамам. У вёсцы рашаецца праблема зносу старых і пустуючых домаўладанняў. У гэтым годзе, ужо вызначана, два дамы будуць знасіць, а два – прадаваць.
Ірына Леанідаўна прызнаецца, што для яе няма лепшага месца на зямлі, чым Падліпцы. Гаворыць, на малой радзіме па-асабліваму пахнуць кветкі, спяваюць птушкі, асабліва ярка ззяюць на сонцы каласы. Тут 20 гадоў жанчына адпрацавала на ферме даяркай, прыняўшы працоўную эстафету ад бацькоў. А калі ферму расфарміравалі, уладкавалася на работу ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, працуе сацыяльным работнікам ужо 15 гадоў.

Відавочна, Ірына Ляткоўская – чалавек з актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй. Напрыклад, у дзявоцтве, была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання (1985 – 1990 гады). За сваю работу як стараста сёлета адзначана Падзячным пісьмом Слуцкага раённага Савета дэпутатаў.
У яе дачка і сын, чацвёра ўнукаў. Нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, Ірына Леанідаўна застаецца пазітыўным, добрым чалавекам, які не ўмее сядзець склаўшы рукі: трымае вялікую хатнюю гаспадарку, вырошчвае разнастайныя кветкі і агародніну, любіць займацца кансерваваннем, а яшчэ з захапленнем чытае кнігі. Кожны дзень яна ўсміхаецца сонцу, якое ўзыходзіць над вёскай, і гаворыць: «Добрай раніцы, родныя Падліпцы».