Ідзе-крочыць па Беларусі «Жывая вясна» – міжнародная кампанія глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі Bird Life International па прыцягванні ўвагі дзяцей і дарослых да дзікай прыроды, да назірання за пералётнымі птушкамі і іх захавання.

Штогод прымаюць удзел у экалагічнай кампаніі члены клуба «Крылаты дазор» сярэдняй школы №9.

Юныя бердвотчары пазнаёміліся з птушкамі-вестунамі «Жывой вясны». Імі абраны сем птушак: белы бусел і чорны свіргуль, вясковая ластаўка і ластаўка-зямлянка,  звычайная зязюля, шчурка-пчалаедка і вялікі зуёк. Дазораўцы правялі даследаванні і склалі пашпарт кожнай птушкі, у якім ёсць інфармацыя пра знешні выгляд і месца гнездавання, асаблівасці паводзін і харчавання, фактары пагрозы і меры аховы.

Штогод у красавіку ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень птушак дзеля захавання іх відавой разнастайнасці і колькасці на планеце. Малодшыя школьнікі з задавальненнем майструюць шпакоўні і сінічнікі для крылатых сяброў, штучныя гняздоўі для вушастых соў.

Дазораўцы вывучаюць не толькі жыццё птушак, але народныя абрады і традыцыі, звязаныя з вяртаннем птушак. Гуканне вясны – старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Члены клуба «Крылаты дазор» пяклі з цеста «жаваранкаў», а потым звалі-гукалі вясну, праганялі зіму і  радаваліся цёпламу сонейку.

Вяртаюцца з выраю на родную зямлю птушкі, нясуць на сваіх крылах вясну і новыя сустрэчы з цудоўным светам прыроды.





Жанна ВАЛЕТКА,
кіраўнік клуба «Крылаты дазор» СШ №9.
About Author
admin
View All Articles

Похожие записи