Нагадаем, з 19 студзеня ў Рэспубліцы Беларусь пачалася вакцынацыя супраць віруса COVID-19. Вакцыну ўвялі 95 медыцынскім работнікам Случчыны.

– Усе людзі, якія атрымалі вакцыну ад каронавіруса, адчуваюць сябе добра, пабочных рэакцый пасля ўвядзення першага кампанента прэпарата няма, – адзначыла загадчык паліклінікі па абслугоўванні дарослага насельніцтва Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Васільеўна Малішэўская. – Не было выяўлена ні аднаго выпадку алергічнай ці іншай рэакцыі арганізма на прэпарат. Зараз мы прыступілі да ўвядзення другога кампанента вакцыны.

Сваім уражаннем аб вакцынацыі падзяліліся медработнікі, якія атрымалі прэпарат.


– Я сёння атрымаў другую частку кампанента вакцыны і магу сказаць, што адчуваю сябе выдатна. Вакцынацыя прайшла лёгка, адчуванні былі звычайныя, як ад любой іншай вакцыны, месца ўколу не турбуе. Падчас увядзення першага кампанента вакцыны таксама ніякага дыскамфорту я не адчуваў. Тэмпература не павышалася, не было ніякіх праяўленняў віруснай інфекцыі, – расказвае фельчар Слуцкай падстанцыі хуткай дапамогі Уладзімір Мікалаевіч Дуля (на здымку). – Як толькі пачнецца масавая вакцынацыя, у абавязковым парадку будзе прышчапляцца ўся мая сям’я. Чаму я вырашыў прышчапіцца? Таму што нам трэба перамагчы гэтую хваробу, а дасягнуць гэтага можна, у тым ліку і дзякуючы калектыўнаму імунітэту. Я за вакцынацыю, але рабіць прышчэпку ці не – лічу асабістай справай чалавека. Нічога страшнага тут няма, гэта як прышчэпка ад грыпу. Успомніце, адразу ёй таксама не давяралі, сёння  прышчапляюцца масава. Спадзявацца на тое, што імунітэт справіцца і дазволіць нам не захварэць або перанесці ўсё ў лёгкай форме, не варта. Я, як медык, кожны дзень сутыкаюся з гэтай хваробай, бачу людзей, у тым ліку з цяжкай формай хваробы.

Вырашыў не рызыкаваць сваім здароўем і прышчапіцца і фельчар Слуцкай падстанцыі хуткай дапамогі Алег Іванавіч Строцкі.

– Да прыняцця рашэння аб вакцынацыі я зрабіў тэст на наяўнасць антыцел, так як ковідам не хварэў, – расказвае мужчына, – ён быў адмоўным. Родныя і блізкія актыўна падтрымалі мяне, больш за тое, таксама выказалі жаданне прышчапіцца.

Ніякага дыскамфорту ні падчас увядзення вакцыны, ні ў наступныя дні я не адчуваў. Было толькі невялікае пачырваненне ў месцы ўколу.

Ці буду я раіць вакцынавацца іншым? Несумненна. З першых дзён, калі ў свеце з’явілася інфармацыя аб новай каронавіруснай інфекцыі, мы ўсе чакалі вакцыну ад яе. І калі яна цяпер з’явілася, чаму б не засцерагчы сябе і сваіх родных.

Дарэчы, з 16 лютага ў Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы пасля рамонту адноўлена работа камп’ютэрнага тамографа.

Нагадаем, раней з-за інтэнсіўнага выкарыстання тамографа выйшла са строю рэнтгенаўская трубка, самая дарагая частка апарата. Яна выпрацавала свой рэсурс.

Таксама з 16 лютага спыніла сваю работу 5-е інфекцыйнае  аддзяленне.

– Нарэшце, мы выйшлі на плато, але нельга расслабляцца, –  адзначае Алена Васільеўна Малішэўская. – Мы заклікаем случчан выконваць рэспіраторны этыкет, па магчымасці пазбягаць месцаў з вялікай колькасцю людзей.

Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи