Калі дзіця сваімі рукамі падорыць жыццё новаму дрэўцу, у будучыні ён не стане шкодзіць і бязлітасна ставіцца да прыроды, вырашылі бацькі і выхавальнікі дзіцячага ясляў-сада №11 і высадзілі на тэрыторыі дашкольнай установы самы сапраўдны фруктовы сад.
– Спадзяёмся, што падобныя мерапрыемствы стануць добрай традыцыяй нашай установы, – адзначыла загадчыца ясляў-сада №11 Алена Васільеўна Нагорная. – У мінулым годзе мы прымеркавалі акцыю да Міжнароднага дня сям’і. Дзякуючы гэтаму ў нашай установе з’явілася алея «Сем Я». Тады ж быў пакладзены пачатак закладцы фруктовага сада. Сённяшнюю акцыю мы прымеркавалі да месячніка па навядзенні парадку на зямлі.
Задоўга да абумоўленага часу перад ганкам дзіцячага сада пачалі збірацца бацькі (многія прыйшлі сем’ямі), якія прынеслі з сабой саджанцы.
– Мы будзем садзіць вішню! А мы абрыкос! Глядзіце, які клён прынёс мой тата! – з захапленнем гаварылі дзеці.
Месцы, дзе маладым саджанцам будзе камфортна расці, падрыхтавалі загадзя. Дзеці з вялікім задавальненнем дапамагалі мамам і татам. На кожным клапатліва павязалі лісток са сваім прозвішчам.
– Калі нам прапанавалі паўдзельнічаць у акцыі, мы з радасцю пагадзіліся, – дзяліліся ўражаннямі бацькі выхаванцаў. – Колькі радасці і захаплення ў дзіцяці, калі ён бачыць, як расце «яго» яблынька або груша. Мы верым, што праведзеная праца пакіне добры след у душы кожнага дзіцяці. Нашым дзецям належыць будучыня і мы, дарослыя, павінны навучыць іх любіць прыроду і ахоўваць яе.
На тэрыторыі дзіцячага сада пасадзілі не толькі фруктовыя дрэвы, але і клён, бярозу, туі.
– Пройдзе час, дзеці вырастуць, а разам з імі вырастуць і саджанцы, ператворацца ў прыгожыя дрэвы. І, магчыма, праз доўгія гады, хтосьці з нашых дзяцей прывядзе ў дзіцячы сад сваіх малых і скажа: «Гэта дрэва пасадзіў я». І мы не сумняваемся ў тым, што гэта будуць не апошнія дрэвы, пасаджаныя нашымі выхаванцамі, – адзначыла Алена Васільеўна.





