Яўгенія Аляксандраўна Лаўрова
11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У гэты дзень успамінаем ахвяр нацысцкіх канцлагераў.
Гледзячы на гэтую сівавалосую далікатную жанчыну, якая ў свае 88 гадоў не губляе аптымізму і пачуцця гумару, ніколі не падумаеш, што ёй давялося перажыць. Хіба толькі вочы занадта сур’ёзныя, нават калі яна ўсміхаецца.
Калі пачалася вайна, Яўгеніі Аляксандраўне Лаўровай было 13 гадоў.
– Наша сям’я ў той час жыла ў Слуцку на вуліцы Чырвонаармейскай, – расказвае жанчына. – Калі ў горад прыйшлі фашысты, нас, дзяцей, адразу пагналі на працу. Дарослыя будавалі дамы для немцаў па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, а мы раўнялі цвікі, вынятыя з абломкаў згарэлых будынкаў. Пасля мама дамовілася, каб я пайшла вучаніцай да швачкі.
Самае жудаснае, што давялося ўбачыць Яўгеніі Аляксандраўне падчас вайны ў Слуцку, гэта павешанне партызан пасля карнай аперацыі фашыстаў.
– Як учора памятаю, – гаворыць яна. – Гэта было страшна, на кожным слупе ад рынка да Саборнай горкі (цяпер там Дом культуры – заўв аўт.)… На вуліцы стаяў дзікі крык, гоман. Да гэтага часу ў вачах стаіць мужчына, у якога тройчы вяроўка на шыі рвалася. Людзі тады шапталіся, наколькі чалавек невінаваты, Бог забіраць яго не хоча.
Жанчына надоўга заціхае, скіраваўшы погляд у акно, па маршчыністых шчоках цякуць слёзы.
– Яны больш за тры дні віселі, – яе шэпт парушае цішыню, – Іх не давалі зняць і пахаваць… Не менш балючыя для Яўгеніі Аляксандраўны і ўспаміны прааблавы на яўрэйскае насельніцтва.
Да пачатку вайны яна вучылася ў СШ №2. У адзін з дзён Яўгенія Аляксандраўна ўбачыла, як па вуліцы везлі на расстрэл яўрэйскія сям’і, сярод іх быў яе аднакласнік.
– Як яны крычалі, – усхліпвае жанчына. – Яны ж ведалі, куды іх вязуць… На маіх вачах схапілі маладую дзяўчыну, яна ў аптэцы працавала, маці дома схавалася, а яе на машыну і ў Гараваху… А недзе праз тыдзень забралі і маю майстрыху. Літаральна адразу пасля гэтага нас, вучаніц, адправілі ў Германію.
Першапачаткова палонных прывезлі ў горад Расток, каля тыдня яны правялі на тэрыторыі канцлагера, чакаючы наступную партыю людзей.
– У пакоях стаялі трох’ярусныя ложкі, – успамінае Яўгенія Аляксандраўна. – Далёка адыходзіць ад будынка нам не дазвалялася, ежы не давалі. Нам добра быў бачны крэматорый… А яшчэ сцены барака, спісаныя прозвішчамі людзей і словамі надзеі.
У адзін з дзён палонных вывелі за тэрыторыю канцлагера, да могілак. Усе вельмі спалохаліся, вырашылі, што расстрэльваць будуць, але аказалася, што там нешта накшталт бункера, у якім людзей размяркоўвалі па гаспадарах.
– З Беларусі нас, дзяўчынак, было шасцёра, чацвёра са Слуцка, дзве з Мінска. Я з зямлячкамі трапіла да адной гаспадыні ў маёнтак недалёка ад лагера.
Занятыя мы былі на розных работах: я была і фурманам, і ў полі працавала. А зімой збіралі камяні (мясцовасць была гарыстая). Уставалі мы гадзін у 6 раніцы. Як бы там ні было, але ў гаспадыні нас кармілі, не сказаць, каб добра, але і не галадалі.
Са мной разам мая зямлячка Люда Вараб’ёва была, яе забралі на кухню. А я пасля працы прыходзіла ёй дапамагаць, гаспадыня і мяне на кухню ўзяла.
Людзі там былі розныя, гаворыць Яўгенія Аляксандраўна. Адзін наглядчык калі бачыў, што людзі стаміліся, мог даць і адпачыць. Іншы заўсёды быў з дубінкай, любіў пускаць яе ў ход пры першай жа магчымасці. Біў моцна і доўга, не глядзеў, мужчына, жанчына ці дзіця.
Вызваленне прыйшло 2 мая 1945 года. Аднак трапіць дадому Яўгенія Аляксандраўна вярнулася не адразу. Калі яна з астатнімі вызваленымі прыехала ў Нойбрандэнбург, трапіла ў ваенна-будаўнічы атрад.
– Я не ведала, што з маімі маці і братам, ці ёсць дом, што мяне чакае на Радзіме. Таму пагадзілася працаваць яшчэ год. Але потым пашкадавала аб сваім рашэнні, даведаўшыся, што мае мама і брат у Слуцку. Пайшла да камандзіра, папрасілася дадому, але мне адмовілі, бо год яшчэ не прайшоў.
Калі Яўгенія Аляксандраўна працавала ў ваенным будаўнічым атрадзе, іх адправілі на размініраванне вострава на рацэ Одэр.
– Аднойчы стаю я, бачу ў пары метраў посуд нейкі, – успамінае жанчына, – я кажу ўсім, напэўна, гэта міна, адышла літаральна на паўкрока і ледзь не стала на дэтанатарны шнур. Выклікалі мінёра, і ўсё абышлося. Усе тады дзівіліся, як мне пашанцавала.
Яўгенія Аляксандраўна захварэла на тыф. Яе адправілі на лячэнне за 150 км ад горада, дзе базіравалася часць, а калі яна вярнулася, часць была ў Латвіі.
– Я не ведала, куды мне ісці і што рабіць, галодная, без грошай, – распавядае жанчына, – пашанцавала, што туды ехаў адзін з камандзіраў, ён мяне забраў.
У Слуцк Яўгенія Аляксандраўна прыехала толькі ў канцы 1946 года. Тады і даведалася, што родныя таксама былі ў Нямеччыне, а калі іх везлі, эшалон разбамбілі. Многія тады загінулі. Родныя Яўгеніі Аляксандраўны, на шчасце, выжылі. На работы трапілі да гаспадара ў невялікі маёнтак. Пасля вызвалення адразу вярнуліся дадому.
Пасля вяртання на радзіму Яўгенія Аляксандраўна працавала ў 9-м ваенным гарадку.
– Канечне, можа трэба было ісці вучыцца, у мяне ж толькі чатыры класы адукацыі, але ў часці там выдавалі карткі М7, па якіх атрымлівалі хлеб, – расказвае жанчына, – у няпросты пасляваенны час яны цаніліся больш грошай. Цяжка, вельмі-вельмі цяжка было… З часам я выйшла замуж, нарадзіла 4 дзяцей.
Якім было б жыццё, каб не вайна.. Галоўнае, маёй сям’і пашанцавала, мы выжылі.
Ірына МАЛЯЎКА.