Арцём Паздзееў.
Вясна сёлета хоць і ранняя, аднак даволі капрызная. Пасяўная кампанія ў раёне пачалася раней, чым у папярэднія гады. Вось толькі пахаладанне крыху карэкціруе ход палявых работ ў сельгасарганізацыях.
У ліку першых выехалі ў поле работнікі адкрытага акцыянернага таварыства «Аграфірма «Лучнікі». Выконваючы абавязкі галоўнага агранома сельгасарганізацыі Сяргей Міхайлавіч Савановіч адзначае, што такой ранняй пасяўной у яго яшчэ не было: палявыя работы распачалі ў лютым, а сеяць – ў другой дэкадзе сакавіка.
ААТ «Аграфірма «Лучнікі» насенняводчая сельгасарганізацыя. Каб сёлета і ў наступным годзе забяспечыць іншыя гаспадаркі якасным насенным матэрыялам, набываюць насенне для развядзення ў інстытуце раслінаводства, навуковых станцыях. У сельгасарганізацыі ўжо не першы год азімыя культуры добра перазімавалі. Частку іх ужо і азотам падкармілі. Вось толькі ад скачкоў тэмпературы расліны знаходзяцца ў стрэсавым стане, патлумачылі аграрыі.
З пачаткам палявых работ у гаспадарцы і працоўны дзень падоўжыўся да 19 гадзін. Для работнікаў арганізавана гарачае харчаванне. Таксама ў сельгасарганізацыі распрацаваны ўмовы працоўнага спаборніцтва, прадугледжаны меры матэрыяльнага заахвочвання, на асаблівым кантролі – якасць работы і бяспека.
Сяргей Міхайлавіч Савановіч адзначае, што ўсе работнікі стараюцца, добра працуюць, бо разумеюць важнасць якаснага выканання работ. На ўнясенні мінеральных угнаенняў добрыя вынікі ў Івана Аляксандравіча Янковіча, на ўнясенні арганічных угнаенняў шчыруюць Віктар Уладзіміравіч Сучок, Радзівон Сяргеевіч Беразоўскі, на сяўбе – Міхаіл Яўгеньевіч Жогла, Валерый Мікалаевіч Дубалека. Зразумела, усіх работнікаў не пералічыць, кожны з іх заслугоўвае ўдзячнасці за нястомную працу.
На ўнясенні арганічных угнаенняў заняты малады механізатар Арцём Паздзееў. Працуе ўжо тры гады, у сельгасарганізацыю ўладкаваўся пасля заканчэння Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Днямі механізатару даверылі новы трактар «Беларус-3522».
– Кіраваць такой тэхнікай даволі проста. Сучасныя тэхналогіі падказваюць і дапамагаюць. Тут жа ўсё камп’ютарызавана, – гаворыць Арцём, заскокваючы ў трактар. Размаўляць асабліва няма калі – палеткі чакаюць.
Бясснежная зіма не лепшым чынам паўплывала на колькасць вільгаці ў глебе, яна хутка выходзіць, таму і спяшаюцца ў сельгасарганізацыях правесці работы ў найкарацейшыя тэрміны, бо разумеюць, што ад гэтага напрамую залежыць будучы ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. У ААТ «Аграфірма «Лучнікі» упэўнены: яны справяцца з пастаўленымі задачамі ў запланаваныя тэрміны, бо задзейнічаны ў пасяўной кампаніі надзейныя і адказныя людзі.
Усе гаспадаркі раёна актыўна рыхтуюць глебу да сяўбы ранніх яравых культур: уносяць мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, узорваюць і культывуюць глебу.