Механізатар ААТ «Вясейскі Пакроў» Дзмітрый Піскун.

Усе гаспадаркі раёна актыўна рыхтуюць глебу да сяўбы ранніх яравых культур: уносяць мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, узорваюць і культывуюць глебу. Яшчэ да выхаду тэхнікі на палеткі адрамантавалі трактары і навясное абсталяванне, назапасілі гаруча-змазачныя матэрыялы і запчасткі.

Галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Вясейскі Пакроў» Яўгеній Анатольевіч Кургановіч  адзначыў, што азімыя культуры паспяхова перанеслі зімоўку, ёсць  слабейшыя ўчасткі, але ж пасля падкормкі яны набяруць сілу.

У структуры севазвароту сельгасарганізацыі 60% займаюць азімыя культуры.

– Бясснежная зіма значна паўплывала на выхад тэхнікі ў поле. Вільгаці ў глебе няма, таму праводзім комплекс адпаведных работ па яе захаванні. Тэхніку своечасова падрыхтавалі, працуем… У нашым арсенале, акрамя іншага, новыя раскідвальнік арганічных угнаенняў, дзве кукурузныя сеялкі, – гаворыць Яўгеній Анатольевіч. – Вядома, што вясновы дзень год корміць, таму асаблівая ўвага якасці выконваемых работ. Дарэчы, ад гэтага залежыць і заработная плата працаўнікоў.

У сельгасарганізацыі ў неабходнай колькасці назапашаны калійныя і азотныя ўгнаенні. На гэтым тыдні плануюць распачаць падкормку азімых збожжавых культур.

Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи