Вялікая Перамога! Колькі б ні праходзіла гадоў, яна назаўжды застанецца ў гісторыі краін, у лёсах людзей, яе вялікае значэнне ва ўмацаванні міру на Зямлі. Сярод нас жывуць тыя, хто на свае вочы бачыў Вялікую Айчынную вайну. Адным з такіх сведкаў з’яўляецца Мікалай Мікалаевіч Гладкі, які напярэдадні Дня Перамогі святкуе свой 90-гадовы юбілей.
7 мая спаўняецца 90 гадоў Мікалаю Мікалаевічу Гладкаму – цудоўнаму чалавеку, таленавітаму кіраўніку і настаўніку, які прысвяціў сваё жыццё выхаванню падрастаючага пакалення.
Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў пасёлку Сухоўчыцы Ленінскага сельсавета ў сялянскай сям’і. Дзяцінства было цяжкім, рана памёр бацька. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Колю было толькі 11 гадоў. У 1942 годзе фашысты за сувязь з партызанамі расстралялі яго маці. Цётка Мікалая была сувязной партызанскага атрада імя Пархоменкі. Нярэдка Коля перадаваў звесткі і рэчы ў атрад. Шмат разоў смерць праходзіла побач, але нейкія сілы яго ратавалі.
Пасля вайны Мікалай пайшоў у 4-ты клас. Вучыўся выдатна. Любімым прадметам была матэматыка, у вольны час Мікалай рашаў па 15 – 20 задач. Добра чытаў, а чытаць вучыліся па кнізе І.В.Сталіна «Приказы». У 1951 годзе закончыў Ленінскую сярэднюю школу, марыў стаць ваенным, але па стане здароўя не прайшоў. Вось тады Мікалай Мікалаевіч рашыў стаць настаўнікам, сеяць разумнае, добрае, вечнае ў сэрцах дзяцей.
У 1953 годзе закончыў факультэт рускай мовы і літаратуры Бабруйскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута. З 1954-га па 1957 гады служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся працаваць настаўнікам у Ленінскую сярэднюю школу, дзе быў выбраны сакратаром партыйнай арганізацыі школы.
Ужо ў 1961 годзе Мікалая Мікалаевіча назначылі дырэктарам Акцябрскай васьмігадовай школы. У гэтым жа годзе без адрыву ад працы ён паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага, які закончыў у 1964 годзе. У Акцябрскай васьмігадовай школе Мікалай Мікалаевіч аддана працаваў 10 гадоў.
Дабрыня і прафесіяналізм Мікалая Мікалаевіча заўсёды прыцягвалі дзяцей. Гэта чалавек вялікай працаздольнасці, улюбёны ў сваю прафесію. І сёння ў школе Мікалая Мікалаевіча ўспамінаюць з цеплынёй і ўдзячнасцю.
З 1971 па 1977 гады М.М. Гладкі працаваў інструктарам і загадчыкам кабінета палітасветы Слуцкага райкама КПБ. У 1977 годзе яго прызначылі загадчыкам гарадскога аддзела народнай адукацыі Слуцкага гарвыканкама. Будучы загадчыкам гарана, Мікалай Мікалаевіч садзейнічаў будаўніцтву ў горадзе новых устаноў адукацыі: сярэдніх школ №№8,11,12, дзіцячых садоў №№ 5,12 (цяпер ДЦРД «Залаты ключык» г. Слуцка»), 19, рэканструкцыі школ №№ 1, 5,10.
За адметную працу ў галіне адукацыі Мікалай Мікалаевіч Гладкі ўдастоены ганаровага звання «Выдатнік народнай асветы БССР» (1969 г.), узнагароджаны медалём «За доблесную працу» (1971), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1989), Граматай Вярхоўнага Савета БССР і іншымі ўзнагародамі.
Шматгадовая праца Мікалая Мікалаевіча адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі і падзякамі, але галоўная яго ўзнагарода – любоў, павага і памяць яго вучняў і калег. Самаадданасць Мікалая Мікалаевіча, яго невычэрпны жыццёвы парыў, душэўнасць і прафесіяналізм заўсёды будуць арыенцірам для ўсіх, хто меў шчасце вучыцца ў яго, працаваць разам з ім.
Паважаны Мікалай Мікалаевіч, шчыра віншуем Вас з 90-гадовым юбілеем! Прыміце ў гэты дзень глыбокую падзяку за вашу шматгадовую добрасумленную працу. Моцнага здароўя, радасці, невычэрпнай энергіі і аптымізму. Няхай Вас заўсёды акружаюць клопат, любоў, увага родных і блізкіх людзей!
Святлана Бачкоўская,
старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУА «Акцябрская БШ».
Таццяна Кахановіч, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.