Старадаўнія пузатыя збаны і вялізны драўляны куфар, квяцістыя ручнікі, пярэстыя посцілкі, велічны ткацкі станок, вяртлявы калаўрот… У музеі этнаграфіі кожная рэч «дыхае» народнай культурай і гісторыяй. Гэту цудоўную самабытную скарбніцу разам з калегамі беражліва захоўвае і папаўняе Валерый Ажэўскі – загадчык філіяла «Музей этнаграфіі» ДУ «Слуцкі краязнаўчы музей».
Пра інтуітыўны выбар
Больш за дзесяць гадоў Валерый Анатольевіч узначальвае этнаграфічнае падраздзяленне. Без перабольшання – мужчына бясконца адданы сваёй справе, інтэлігентны, далікатны і вельмі сціплы чалавек.
Вось і падчас інтэрв’ю скіроўваў гутарку не пра сябе, а пра калег, музейныя экспанаты. І ўсё ж мне ўдалося штосьці выведаць…
Валерый Ажэўскі ўраджэнец нашага горада. У свой час закончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў педагогам, жыў у Маладзечна і Рызе. Аднак сумавала сэрца чалавека, клікала родная старонка… І ён вярнуўся на Случчыну.
На работу ў Слуцкі краязнаўчы музей мой суразмоўца трапіў у 2005 годзе, можна сказаць, інтуітыўна. Аднойчы, праходзячы міма ўстановы, рашыў зайсці, аказалася, у галерэю мастацтваў (філіял музея) патрэбен навуковы супрацоўнік. Валерый Ажэўскі працаваў таксама загадчыкам галерэі мастацтваў імя Уладзіміра Садзіна. Затым узначаліў этнаграфічны філіял.
Колькі экспанатаў?
– У нашым музеі прадстаўлена больш за 200 экспанатаў, – распавядае Валерый Анатольевіч. – Але гэта толькі пятая частка этнаграфічнага фонду. Экспанаты датуюцца другой паловай XIX – сярэдзінай XX стагоддзяў. У музейнай калекцыі – разнастайныя драўляныя і металічныя прылады працы, рэчы сялянскага побыту, вырабы ткацтва, з дрэва, саломы, лазы, лыка, вышыванкі і многае-многае іншае. Наша галоўная экспазіцыя называецца «Побыт і занятак сялян Слуцкага павета XIX – пачатку XХ стагоддзяў». Дарэчы, далёка не ўсе ведаюць, што Слуцкі павет у пачатку ХХ стагоддзя ўключаў не толькі тэрыторыю нашага раёна, але Нясвіжчыну, Клетчыну, Капыльшчыну, тэрыторыю цяперашняга Салігорскага раёна і нават Ляхавічы і Ганцавічы.

Суразмоўца падкрэслівае, што кожны этнаграфічны экспанат – рэліктавая рэч, якая пацвярджаецца навуковым, даследчым абгрунтаваннем. Валерый Анатольевіч лічыць, што гэта цікавы, захапляючы працэс, які іншы раз доўжыцца далёка не адзін месяц. Работа патрабуе скрупулёзнасці, уважлівасці, пастаяннага папаўнення ведаў. Выдатная пляцоўка для самаразвіцця, гаворыць загадчык.


– Мы рэгулярна праводзім экскурсіі для случчан і гасцей горада, выступаем з лекцыямі ў калектывх і школах, арганізуем перасоўныя выставы, часта з удзелам народных умельцаў, правядзеннем майстар-класаў – такім чынам знаёмім людзей, у тым ліку падрастаючае пакаленне, з культурай, гісторыяй Случчыны, папулярызуем народную творчасць, – гаворыць субяседнік. – Лічу, гэта важна: трэба ведаць свае карані. Мінулае – кросны, на якіх ствараецца палатно сучаснасці і будучыні. Вельмі прыемна, што многія людзі разумеюць важнасць захавання этнаграфічных прадметаў, перадаюць з сем’яў у музей старадаўнія самавары, ручнікі, драўляныя, іншыя вырабы.
Адкуль «прыехалі» жорны…
Валерый Анатольевіч падзяліўся, што, напрыклад, з вёскі Вынішчы ў музей прывезлі дзіцячую двухколавую каляску з дышлам (у дадзеным выпадку драўляная палка замест ручкі). З вёскі Паўлаўка «прыехалі» жорны, з Капыльшчыны – сталярныя інструменты. Адзін з прадстаўнікоў Слуцкай епархіі падарыў установе старадаўнія калаўроты, ткацкі станок і маслабойкі. А ўраджэнец вёскі Іванаўскія Агароднікі, былы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Пётр Сяргеевіч Хацько перадаў музею этнаграфіі звыш 80 розных прадметаў, у тым ліку «шыкоўны» кубел для сала.



Дарэчы, музей і Слуцкі эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў правялі сумесную акцыю «Зрабі падарунак музею – захавай прыроду», падчас якой фонды ўстановы папоўнілі каля тысячы экспанатаў.
Узбагачаецца музейная скарбніца і прадметамі савецкага перыяду. У практыцы ўстановы правядзенне тэматычных выстаў, напрыклад, вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі экспазіцыі шклянога посуду і фарфору, паштовак, навагодніх цацак розных часоў.
Захопленасць
– У мяне два галоўныя захапленні з маладосці – гісторыя і геаграфія, а падчас работы ў музеі прыбавілася яшчэ адно – народная культура, – гаворыць Валерый Анатольевіч. – З радасцю і натхненнем іду на работу. Мае калегі – навуковы супрацоўнік Дзмітрый Канстанцінавіч Гаўрыс, наглядчык Алена Валер’еўна Кузняцова – аднадумцы, надзейныя, дасведчаныя супрацоўнікі. Вывучаючы той або іншы старадаўні прадмет, не перастаём здзіўляцца працавітасці, таленавітасці, кемлівасці нашых продкаў. Большасць этнаграфічных экспанатаў рукатворныя, зроблены канкрэтнымі людзьмі, а значыць, нясуць іх бачанне свету, праяўленне здольнасцей, адмысловасць, характар часу. Напрыклад, у нашай галоўнай экспазіцыі захоўваецца цікавы экспанат – вялікая шпульніца. Вельмі знаходлівы чалавек прыдумаў і зрабіў яе ў даўніну, зручная рэч. А якія цудоўныя тканыя, вышываныя вырабы! Узоры на іх – не толькі ўвасабленне беларускіх народных традыцый, але і сведчанне густу нашых продкаў, любві да роднай зямлі, захаплення яе прыгажосцю.

За старанную, плённую, творчую працу Валерый Ажэўскі адзначаны граматамі рознага ўзроўню.
Адказ героя гэтага аповеду пра любімы занятак у вольны час яшчэ болей пацвердзіў яго захопленасць: Валерый Анатольевіч на працягу ужо 20 гадоў займаецца грунтоўным вывучэннем сямейнага дрэва…
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.