Інспектар аддзела аховы і прафілактыкі правапарушэнняў Аляксандр Мельнік
У раённым аддзеле ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама ўжо шмат гадоў служаць інспектарамі аддзела аховы і прафілактыкі правапарушэнняў браты Андрэй Барысавіч і Аляксандр Барысавіч Мельнікі.
Іх бацька Барыс Міхайлавіч больш за 17 гадоў прысвяціў службе ў органах унутраных спраў. Удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На жаль, Барыс Міхайлавіч пайшоў з жыцця.
Аляксандр Барысавіч Мельнік расказаў пра сямейную прафесію:
– Я рос у вялікай шматдзетнай сям’і, нас было пяцёра дзяцей. Нягледзячы ні на што, мама выхавала нас годнымі людзьмі. Усе пяцёра атрымалі вышэйшую адукацыю, дабіліся пэўных поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Дзве сястры працуюць у педагогіцы, яшчэ адзін брат – у МНС.
Бацьку я, на жаль, амаль не памятаю, але ў мяне было імкненне пайсці па яго слядах, працаваць на варце закона, гэтак жа, як і ў маіх братоў. Як вынік – я і Андрэй змагаемся са злачыннасцю, адзін брат – з пажарамі.
У Слуцкі РАУС я прыйшоў у 2009 годзе, па размеркаванні, год адпрацаваў у крымінальным вышуку, затым вырашыў паспрабаваць іншы напрамак службовай дзейнасці і вось ужо 11 гадоў працую ўчастковым інспектарам на адміністрацыйным участку №9 горада Слуцка.
Па словах Аляксандра Барысавіча, у яго абавязкі ўваходзіць штодзённая работа з грамадзянамі, якія стаяць на розных відах уліку, ахова грамадскага правапарадку, разгляд заяў, работа па хуткім рэагаванні на звароты грамадзян і многае іншае. Участковы інспектар – першая інстанцыя праваахоўных органаў для насельніцтва, своеасаблівы сувязны, які яшчэ і ахоўвае спакой людзей.
– Большая частка маіх службовых абавязкаў – работа з насельніцтвам, – гаворыць участковы інспектар. – Даводзіцца сутыкацца і з досыць спецыфічным кантынгентам. Участковы інспектар у нейкай меры і псіхолаг. Звярнуцца па дапамогу могуць і ў непрацоўны час, і ў перыяд адпачынку. Случчане на маім участку ведаюць не толькі нумар майго мабільнага тэлефона, дамашні таксама.
Людзі ідуць да ўчастковага са сваімі праблемамі, бедамі. І калі ён не можа ім дапамагчы, абавязкова растлумачыць, што зрабіць, да каго звярнуцца.
Адна з асноўных умоў якаснай работы ўчастковага – добра ведаць «сваіх» людзей. Як сачыць за выкананнем закона і парадку, калі не ведаць, дзе жыве раней судзімы, алкагольназалежны чалавек або сямейны скандаліст. З такой катэгорыяй мясцовых жыхароў праводжу прафілактычную работу, каб не дапусціць новых эксцэсаў. Вядома, за гэты час ёсць і пэўны аўтарытэт, грамадзяне мяне ўжо добра ведаюць, я ведаю іх.
Сямейныя скандалісты – асобная тэма. Зараз праблема сямейных драм з рукапрыкладствам востра стаіць паўсюль. Да апошняга можна не ведаць, што робіцца за зачыненымі дзвярыма. Чыйсьці дом або кватэра – асобная дзяржава, куды не зазірнеш без неабходнасці. І справа міліцыянера – папярэдзіць, не дапусціць бяды.
Праблемай цяпер сталі і разводы, людзі ўступаюць у шлюб, потым разыходзяцца, пачынаюць дзяліць маёмасць, скандаляць, а пакутуюць дзеці. Каб гэта неяк папярэдзіць, мы праводзім інфармацыйныя гутаркі, раздаём буклеты, дзе ёсць нумары тэлефонаў цэнтраў сацыяльнай, псіхалагічнай дапамогі.
Немалую прафілактычную работу праводзім і з пажылымі людзьмі, гэтую катэгорыю грамадзян часцей у сваіх мэтах выкарыстоўваюць зламыснікі. У апошні час пачасціліся выпадкі, калі ашуканцы прапаноўвалі ўстаноўку водаачышчальных фільтраў, рамонт ПВХ-вокнаў, устаноўку і абслугоўванне датчыкаў пажарных апавяшчальнікаў, якія каштуюць, па сутнасці, капейкі, а ў гэтых «дзеячаў» у разы даражэй. Пенсіянеры падпісвалі юрыдычна аформленыя дагаворы, траплялі на вялікія грошы.
Актыўна супрацоўнічаем мы з апорнымі пунктамі аховы правапарадку. Па выніках 2019 года апорны пункт на маім участку заняў першае месца ў раёне. Гэта значыць, наша прафілактычная работа дае вынікі, мы можам спрацаваць і папярэдзіць. На жаль, не да ўсіх можна, як кажуць, дастукацца.
Калектыў у нас зладжаны. Кожны разумее, што ад яго работы залежыць уяўленне аб дзейнасці РАУС у цэлым. Служба ў міліцыі выхоўвае характар. Немалаважны момант – гэта сяброўства. Хлопцы, з якімі я служу, – гэта мая сям’я.
Калі выдаецца вольны час, Аляксандр Барысавіч імкнецца максімальна аддаць яго сям’і, гуляць з дзецьмі, наведваць (магчыма не так часта, як хацелася б) культурныя мерапрыемствы. Любіць наведацца ў лазню. Захапляецца і актыўнымі відамі спорту: футболам, плаваннем.
Ірына МАЛЯЎКА.
Уважаемые сотрудники и ветераны органов внутренних дел Слуцкого района!
От имени Слуцкого районного исполнительного комитета поздравляю вас с профессиональным праздником – Днем милиции.
Охрана правопорядка остается одной из важнейших задач, стоящих перед обществом.
Своей добросовестной службой вы способствуете экономической и социальной стабильности в районе, защищаете конституционные права и интересы граждан.
Убежден, что вы и впредь будете эффективно решать поставленные задачи с учетом современных требований и условий, приумножать выработанные десятилетиями безупречной службы традиции!
Примите пожелания крепкого здоровья, удачи, бодрости духа, оптимизма и семейного благополучия.
Председатель Слуцкого районного
исполнительного комитета А.В.ЯНЧЕВСКИЙ.