17 верасня Беларусь святкуе адно з самых маладых дзяржаўных святаў – Дзень народнага адзінства. Менавіта ў гэтую дату ў 1939 годзе нашы заходнія землі, якія па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы ўваходзілі ў склад Польшчы, ізноў сталі беларускімі. Каб зразумець, наколькі гэта важная падзея, трэба зазірнуць у гісторыю.

Заходняя Беларусь хоць і ўвайшла ў склад Польшчы, палякі ўспрымалі мясцовае насельніцтва як масу, якую трэба асіміляваць. Але жорсткая палітыка паланізацыі і адкрытае рабаванне рабілі планы Варшавы практычна няздзейснымі. Ва ўмовах татальных забарон і непасільных падаткаў нашым суайчыннікам жылося вельмі цяжка.

Моцны ўдар быў нанесены па адукацыі на беларускай мове. На аднятых беларускіх тэрыторыях у 1921 годзе функцыянавала каля 400 пачатковых беларускіх школ, 8 гімназій і 2 настаўніцкія семінарыі. Ужо да 1924 года колькасць беларускіх школ скарацілася да 37, гімназій – да 4, семінарый і зусім не засталося. Да 1939 года наогул не было беларускіх устаноў адукацыі.

Каб паступіць у ВНУ, патрабавалася веданне польскай мовы. Агулам на адзін гмін (аналаг нашага сельсавета) прыпадала ўсяго 1 – 2 беларусаў з вышэйшай адукацыяй.

Яшчэ горш ішлі справы ў сельскай гаспадарцы. 80% насельніцтва Заходняй Беларусі існавала за кошт працы на зямлі. Якое было здзіўленне, калі на гэтыя самыя землі прыйшлі польскія асаднікі (ваенныя, якія маглі купіць тэрыторыю за сімвалічную суму) і пачалі ўстанаўліваць свае парадкі. Даходзіла да абсурду: больш за 50% усіх сельскагаспадарчых земляў Заходняй Беларусі належалі асаднікам і памешчыкам, якія складалі 0,9%. Але беларускія сяляне цярпелі не толькі ад малазямелля, але і ад цяжкіх падаткаў. Зямельны, камунальны, дарожны, інвестыцыйны, крызісны, надзвычайны, страховачны, гмінны. Як следства, сельскае насельніцтва заходніх беларускіх земляў увесь час жыло ў стане пазыкі.

Прамысловасць. Тут усё было не менш сумна. Польскія ўлады цягнулі з нашых заходніх земляў усё, што толькі можна: станкі, тэхніку, чыгунку.

Праследаваліся і такія аспекты беларускай ідэнтычнасці як культура ці вера. Забараняліся пастаноўкі на нашай роднай мове, будынкі праваслаўных храмаў канфіскоўваліся і перадаваліся каталіцкай царкве. Гэта быў сапраўдны этнацыд.

Уз’яднанне беларускіх земляў – акт гістарычнай справядлівасці. З надыходам савецкай улады жыццё на заходніх землях значна палепшылася.

Вось, што пісалі пра этнацыд у той час у газеце «Сялянская ніва»:

«Беларусы і польская зямельная «рэформа»

У гэтым годзе пачынаецца ўвядзеньне ў жыцьцё закону аб зямельнай рэформе. Гэты закон мае на мэце ня столькі здаволіваньне страшнае патрэбы зямлі нашага сялянства, сколькі захаваньне і ўзмацненьне польскага элемэнту на нашых землях.

Нашаму селяніну будзе дадзена тое, на што будзе панская ласка, якая апрача кіданьня беларусу крошак з польска-панскага стала ніколі далей ня пойдзе. Ды гэта і зразумела: усякаму свая сарочка бліжэй да цела.

Новы закон сягае так далёка, што ня толькі пазбаўляе наш народ права на тую зямельку, на якой дралі розгамі нашых продкаў, але нават і надзеі атрымаць яе ў блізкай будучыне.

Гэны закон ёсьць новая спроба польскіх шавіністаў застрахаваць і ўзмоцніць польскасьць на беларускіх землях з двух бакоў.

З аднаго боку ён імкнецца захаваць у нас польскія шляхоцкія гнёзда, а з другога боку пасадзіць як мага больш паўпанкоў асаднікаў палякоў.

Каб дапяць першае мэты, памешчыку ў этнаграфічнай Польшчы пакідаецца 180 гэктараў, а на нашых землях 300 гэктараў. Гэта зроблена дзеля таго, каб захаваць у нашым краі культурныя польскія сілы, якія, маючы ў сваім уладаньні досыць вялікія маёнткі (300 гэк. зямлі ворнай з сенажацямі і ў дадатак яшчэ лес) маглі б быць эканамічнымі гаспадарамі краю і чмуціць нашага селяніна, пяючы яму на вуха аб дабрадзействах польскае культуры.

Словам, закон аб рэформе рольнай пакідае нам апякуна ў асобе польскага пана».

«СК».

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи