Няўмольна бяжыць час. Развітальную песню спявае лета, багатае на цяпло, яркія ўражанні, шчодрыя дарункі.
Ярка, насычана завяршыўся сезон свят вёсак, якія ладзіў Мусіцкі сельскі клуб на працягу лета. Яго фінальны акорд – цудоўнае свята выхаднога дня ў вёсцы Ветка “Лета звонкае, гучней спявай!”. Яно сабрала вялікую колькасць жыхароў вёскі і яе гасцей. Гэта значная падзея ў культурным жыцці вяскоўцаў стала сапраўдным гімнам роднаму краю, малой радзіме з яе багатай гісторыяй, беларускай жанчыне, бацькоўскай хаце, чалавеку працы. Бо менавіта ён піша новыя старонкі ў летапіс краю, сваёй стваральнай працай узбагачае і ўпрыгожвае родную вёсачку, поўніць яе сілай, забяспечвае яе будучыню.
На свяце, як гэта ўжо водзіцца, ушаноўвалі самага страрэйшага жыхара вёскі Бранаўца Івана Іванавіча, якому споўнілася 94 гады; самую малодшую – двухгадовую Клікоцкую Таццяну; а таксама сям’ю Сяргея Віктаравіча і Аксаны Аляксандраўны Касцюк за цудоўныя поспехі па ўладкаванні свайго падвор’я, якое зачароўвае багаццем і прыгажосцю разнастайных кветак.
Усім адзначаным былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі. Для іх прагучалі музычныя нумары.
Пасля ўрачыстай часткі адбыўся святочны канцэрт, які напоўніў усё наваколле цудоўнымі мелодыямі песень, рытмамі танцаў. Усе былі проста ў палоне музычнай дзеі. Гледачы падпявалі, танчылі, ад душы весяліліся. І, безумоўна, бурнымі апладысментамі сустракалі кожнага артыста, сардэчна дзякавалі, дарылі кветкі.
Свята прайшло на адным дыханні. Твары людзей свяціліся радасцю, цеплынёй. Панавала атмасфера ўсеагульнай еднасці і задавальнення. Прыемна было глядзець на шчаслівых людзей. Яны шчыра дзякавалі за свята, цудоўны вечар і выказвалі пажаданне на новыя сустрэчы.
А на вёску ціха апускаўся цёплы жнівенькі вечар. На небе загараліся і загадкава мільгацелі першыя зорачкі. Здавалася, усё гарманічна злілося: чалавек і прырода.
Няхай жывуць святы, узбагачаюць духоўны свет чалавека, поўняць дабром сусвет.







Марына Дурыцкая, загадчык Мусіцкага сельскага клуба.