Прыгожая сядзіба Таццяны Булгак у вёсцы Гарадзішча прыцягвае ўвагу. Асаблівая радасць для жанчыны, якая ўжо на заслужаным адпачынку, – агарод – ні многа ні мала – 40 сотак. Тут і свая цяпліца, дзе спеюць памідоры. Чаго толькі няма на агародзе: бульба, морква, кроп, кабачкі… І ўсё гэта дагледжана працавітымі рукамі гаспадыні. На падворку жанчыны гарэзлівы сабака Чакі, ёсць куры.



А яшчэ шмат кветак. Ружы, гартэнзіі, флёксы, аксаміткі. Чырвоныя, ружовыя, жоўтыя, блакітныя, пунсовыя… Колераў – цэлая палітра. Ды хіба ўсе пералічыш. Тут як у батанічным садзе.




– Люблю кветкі, – кажа Таццяна Пятроўна. – Вёска Гарадзішча – мая малая радзіма і я хачу, каб тут заўсёды было ўтульна, квітнелі сады і самыя прыгожыя кветкі. Вось і стараюся садзіць іх, кампанаваць так, каб да самай зімы цвілі.
Кветкі ў гаспадыні не толькі ў садзе, але і на агародзе вакол цяпліцы, у вазонах на ганку дома, ля іншых пабудоў удала дапаўняюць хараство двара.




Таццяна Пятроўна выхавала дваіх дзяцей, мае ўнучку. Працавала на прыватнай фабрыцы мяккай мэблі ў Міхейках. Зараз даглядае матулю Валянціну Мікалаеўну. Клопатаў у гаспадыні нямала. Пенсійны ўзрост – гэта час для сябе, для занятку па душы, лічыць мая субяседніца. Акрамя кветак і агарода знаходзіць час і паспяваць, патанцаваць з аднавяскоўцамі: яна – удзельнік калектыву сучаснага бытавога танцу «Фолк Данс» пры Слуцкім гарадскім доме культуры. Наведвае рэпетыцыі два разы на тыдзень.


– Толькі ў летні час не так часта. Вучым розныя танцы – і нашы, і замежныя, – дадае жанчына. – Вельмі мяне гэта захапіла. Не так даўно выступалі ў гарадскім парку.
Пакуль гутарым, лёгкі ветрык гойдае галінкі суквеццяў. А праз дарогу тоне ў кветках двор Наталлі Грак. Жанчыну застаём за перабіраннем чарніц.


– Працавала ў сталіцы, ужо на заслужаным адпачынку. Перавыкупілі хату дзеда мужа, якая некаторы час належала іншым гаспадарам, адбудавалі на свой лад, пасадзілі агарод, кветкі, утульна, прыгожа стала. Далі прытулак сабачцы Марце, завялі курэй, – расказвае Наталля Фёдараўна.




Такое вось вяртанне да каранёў сваіх. Ружы, лілеі, хрызантэмы, вяргіні… Нібы вітаюць прахожых…



Так і жывуць, у прыгажосці, што стварылі самі, ды згодзе дзве суседкі- працаўніцы Таццяна Пятроўна і Наталля Фёдараўна.
#Годбелорусскойженщины
Наталля ГРАМЫКА.