Пасіўны адпачынак не для нас, лічаць многія слуцкія ветэраны, і на пенсіі знаходзяць сабе справу па душы.
Хтосьці робіць вырабы з лазы ці саломы, піша карціны, захапляецца скандынаўскай хадзьбой ці танцамі, спявае ў хоры, складае вершы… А хтосьці імкнецца напоўніць наваколле яшчэ больш яркімі фарбамі, прыгажосцю кветак і раслін.
Напрыклад, случчанка Людміла Гурбо ўчастак каля першага пад’езда дома №8 па вуліцы 14 Партызан у Слуцку ператварае ў вялікі кветнік. Цяпер тут дамінуюць лілеі розных колераў, а яшчэ растуць хрызантэмы, ружы, цюльпаны, нарцысы і многія іншыя расліны. У свой час гэта актыўная, нераўнадушная жанчына працавала галоўным эканамістам на Слуцкім хлебазаводзе.


– Уладкаваннем клумбы каля пад’езда займаюся з 2019 года, – дзеліцца Людміла Вітальеўна. – Хочацца, каб у нашым двары заўсёды было прыгожа. Кветкі дораць радасть, добры настрой, прыемна і жыхарам дома, і прахожым. Дэкаратыўныя расліны разнастайныя, набывала сама, рознага часу цвіцення. Так што наша клумба ў кветках з ранняй вясны і да позняй восені. Яе догляд, вядома, патрабуе немалых намаганняў, дапамагае ў гэтай справе суседка па пад’ездзе Ніна Уладзімірава. Шчыра кажучы, прыемна, калі гледзячы на кветкі, усміхаюцца людзі. Як гаворыцца, прыгожа вакол – хораша на сэрцы.
Каралеўства кветак – так можна назваць падворак Людмілы Гундзіловіч, якая жыве на вуліцы Віленскай у горадзе. Пунсовыя, белыя, жоўтыя, барвовыя, блакітныя, ружовыя… Кветкі на клумбах, уздоўж дарожкі да дома, у падвясных гаршэчках на верандзе… Здаецца, вось-вось з адной з душыстых гронак выпархне маленькая казачная фея.

– Кветкі – маё захапленне, – усміхаецца Людміла Уладзіміраўна. – Я ўжо на заслужаным адпачынку, раней працавала інструктарам па спорце на прадпрыемстве «Ямпаль-Слуцк» БелТІЗ. Расліны патрабуюць пастаяннай увагі, клопату, любві, яны са сваімі «характарамі», асаблівасцямі, даводзіцца нямала працаваць. Але яно таго вартае – кветкі дораць сваю прыгажосць, гэта часцінка прыроды, якая патрэбная нам усім. Радасць і для мяне, і для маіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Спадзяюся, што і для іншых людзей, якія бачаць мой падворак.





На клумбах Людмілы Уладзіміраўны – далікатныя ружы, петуніі розных колераў, бягонія, герань, хрызантэмы, лілеі, дыпладэнія і многія-многія іншыя кветкі, прычым, дзясяткаў відаў. Асаблівая прыхільнасць і гордасць гаспадыні – гартэнзія, у тым ліку адмысловага віду, – падарунак дзяцей на дзень нараджэння.
Асобна хачу адзначыць дызайн прыдамавой тэрыторыі – з драўлянай альтанкай, дэкаратыўным узорчатым мосцікам, з забаўнымі фігуркамі казачных персанажаў і арыгінальным уладкаваннем клумбаў.
Прыемна, што Людміла Гундзіловіч утрымлівае свой падворак у такім прыгожым, узорным парадку ўжо на працягу многіх гадоў. У свой час яна была адной з пераможцаў конкурсу па добраўпарадкаванні сярод жыхароў горада.
Случчане, раўняемся на ветэранаў!
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.