Лета дорыць нам столькі радасці і пазітыву, цяпла і яркіх святаў! Сярод іх цудоўнае, напоўненае казачнымі сюжэтамі і таямніцамі Купалле, якое прыходзіцца на пік лета і характарызуецца буйствам траў і кветак, сілай і росквітам прыроды, незвычайнай пладавітасцю, багатствам і шчодрасцю зямлі.

Непаўторнасць і казачнасць свята, шматграннасць абрадаў і традыцый прыцягвае ўвагу чалавека, палоніць і становіцца неад’емнай часткай яго духоўнага жыцця.

Так, ужо стала добрай традыцыяй культурнага жыцця жыхароў вёскі Мусічы правядзенне Купалля, якое збірае вялікую колькасць яго аматараў.

І на гэты раз лета 2026 года не стала выключэннем.

4 ліпеня вёска Мусічы напоўнілася музыкай Купальскага свята. А пачалося яно з вандроўкі моладзі па вуліцах вёскі з віншаваннямі і запрашэннем на свята. Удзячныя аднавяскоўцы гаварылі словы падзякі, жадалі, каб народныя традыцыі шанаваліся і захоўваліся.

Асноўныя дзеі народнага гуляння праходзілі на пляцоўцы каля сельскага клуба. Пры ўваходзе на яе ўсе госці праходзілі рытуал ачышчэння: іх сустракала знахарка каля купальскіх варот, якая з дапамогай гаючых траў і вады, ліючайся праз сіта з зернем, знімала ўвесь негатыў, набыты за год.

І вось раздаліся пазыўныя і пачалося тэатралізаванае прадстаўленне, якое паведала цікавую гісторыю свята Купалля, яго атрыбутаў і традыцый. Гледачам прадстала сапраўдная казка з дзеючымі асобамі: мясцовай моладдзю, дзедам Яўсеем і бабкай Марфай, Ведзьмай і лясной нечысцю.

Незвычайныя дзеі, напоўненыя цудамі і таямніцамі, змянялі адна другую. Самадзейныя артысты пераканаўча выконвалі свае ролі.

Захапляючымі былі ўсе сцэны: танцавальная кампазіцыя “Купала на Йвана”, якая перадала магію Купалля; танец лясной нечысці і Ведзьмы; гулянні сельскай моладзі; дыялогі дзеда Яўсея з бабкай Марфай, напоўненыя народным гумарам; абрад ўпрыгожвання Купайлы-бярозкі маладымі дзяўчатамі; гульні-выпрабаванні для хлопцаў; сцэна загавара ад нечысці; зачароўванне хлопцаў Ведзьмай; супрацьстаянне дзяўчат і нечысці, у ходзе якога дабро і сіла сапраўднага кахання перамагаюць зло і цёмныя сілы.

Госці мерапрыемства актыўна ўключаліся ў розныя дзеі: плялі вянкі, спрабавалі купальскія пачастункі.

Яркім упрыгожваннем свята сталі насычаныя магічнай сілай песні і танцы дзяўчат. З іх дапамогай яны змаглі справіцца з закляццем Ведзьмы і як узнагароду атрымалі чароўную кветку папаратніка, сімвала кахання, сапраўднага шчасця і багацця.

Запалала купальскае вогнішча, закружыліся шматлюдныя карагоды. Усе прысутныя весяліліся, гулялі, гадалі, выконвалі народныя танцы, прыгалі праз купальскае вогнішча.

Гледачы былі ў захапленні ад убачанага і пачутага. Яны радаваліся, усміхаліся, дзякавалі за атрыманую асалоду, прыемны адпачынак, цікавыя сустрэчы.

 А яшчэ ўсе былі ўдзячныя самадзейным артыстам за переканаўчае выкананне сваіх роляў.

Выказвалі спадзяванне, што Купальскае свята будзе заўсёды жыць у нашых вёсках, душах і саграваць сваёй нязгаснай верай у дабро, свет, шчасце, сапраўднае каханне.

Свята сабрала вялікую колькасць гасцей і сяброў. Яно прыйшлося ўсім да спадобы, захапіла яркасцю, незвычайнасцю, маштабным аповедам пра гісторыю і традыцыі народнага свята.

Марына Дурыцкая, загадчык Мусіцкага сельскага клуба.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи