На Случчыне далі старт жніву. Раённае свята «Зажынкі» ладзілі на адным з палёў ААТ «Казловічы-Агра».

Падчас свята было адзначана, што Зажынкі – гэта педзея, дзе традыцыя тысячагоддзяў сустракаецца з тэхналогіямі XXI стагоддзя. Красуні дзяўчаты правялі цудоўны абрад зажынання першых снапоў.Сноп новага ураджаю, як сімвал адвечнасці жыцця, урадлівасці зямлі атрымаў старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Гога.


Старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта звярнуўся да хлебаробаў Случчыны:
– Беларусы заўсёды шанавалі хлеб як святыню. Бо ён створаны тысячагадовай чалавечай мудрасцю, майстэрствам і цяжкай, але самай неабходнай у свеце працай – вашай працай.Бываюць дні, якія, як кажуць людзі, «кормяць увесь год». Сёння адзін з такіх. Колькі намаганняў і старанняў было ўкладзена, каб выгадаваць гэты багаты ўраджай, колькі надзеі ў ім! Вось чаму так важна зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб у кароткія тэрміны і без страт сабраць яго, каб на Дажынках мы адчулі гонар за наш слуцкі каравай, за нашых хлебаробаў.

Для ўсіх вас, ад працаўнікоў да кіраўнікоў, надыходзіць гарачая пара, але хлеб ніколі не быў і не будзе лёгкім. Ці вам гэта не ведаць?! Не сумняваюся, што вы будзеце працаваць, нягледзячы на час і стомленасць, каб у чарговы раз даказаць – слуцкія хлебаробы – лепшыя ў вобласці.
Для краіны няма нічога важнейшага за вашу працу: ад вас залежыць стабільнасць сельскагаспадарчай прамысловасці і эканомікі ў цэлым, таму што быць з хлебам – гэта значыць адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні.
На Случчыне з пакалення ў пакаленне прытрымліваліся наказу сваіх продкаў: «Каб атрымаць добры ураджай новага хлеба, выязджаць трэба на старым».

У знак вялікай пашаны да нашых продкаў і з надзеяй на добры ўраджай Уладзіміру Гогу і іншым удзельнікам свята ўручылі духмяныя караваі з мукі ўраджая мінулага года.
Благаславіў хлебаробчае поле благачынны Слуцкай царкоўнай акругі пратаіерэй Ігар Штэпа.
Дырэктару ААТ «Казловічы-Агра» Сяргею Пенязю ўручылі сімвалічны тканы пояс-абярэг, а таксама даручылі даць старт жніву. Дружна загулі камбайны і накіраваліся ў поле збіраць ураджай 2026 года.





































