З творчасцю Канстанціна Цыбульскага, упэўнена, знаёмы многія случчане. У свой час гэты акрылены, натхнёны, таленавіты чалавек жыў і працаваў у нашым горадзе. Яго вершы напоўнены багаццем, сакавітасцю беларускага і рускага слова, сілай пачуццяў, пранікнёнасцю. Творы Канстанціна Цыбульскага – шчыры роздум пра выбар чалавека, пра любоў да радзімы, людзей, пра каханне, прыгажосць і каштоўнасць жыцця. Аўтар вядзе з чытачамі задушэўную размову пра самае важнае.

Канстанцiн Цыбульскі нарадзiўся ў вёсцы Забалоцце Маладзечанскага раёна. Выпускнік філфака БДУ. З 1982-га па 1998 год працаваў iнспектарам iнспекцыi па справах непаўналетнiх у Слуцкім РАУС. Больш за 10 гадоў узначальваў лiтаратурнае аб’яднанне, а затым – лiтаратурны саюз «Случ», складальнік калектыўнага зборнiка «На крылах душы» лiтаратараў Случчыны. Неаднаразовы пераможца рэспублiканскiх лiтаратурных конкурсаў.

Працаваў начальнiкам прэс-цэнтра, спецыяльным карэспандэнтам цэнтра грамадскiх сувязяў упраўлення ўнутраных спраў Мiнскага аблвыканкама, галоўным экспертам дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы камiтэта па працы i сацыяльнай абароне Мiнаблвыканкама. Падпалкоўнiк міліцыі.

Канстанцін Цыбульскі аўтар шасці зборнiкаў паэзii i песень: «Ноч маладзiка», «Вецер эпохi», «Малiтва i песня», «Силуэт в окне», «Мгновение над бездной», «Мы людям служим». Яго вершы надрукаваны ў калектыўных зборнiках: «Вёсны», «Поиск», «Я тут бачу свой край», у калектыўным песенным зборнiку «Песню бярыце з сабою».

Паэтам створана мноства песень, якiя выконваюць зоркi беларускай эстрады, ансамблі «Сябры», «Бяседа», «Чысты голас», «Явар», «Талака», «Свята», «Пліса», народны хор iмя Цiтовiча, паказальны аркестр МУС Беларусі і iншыя. Песнi напiсаны кампазiтарамі Валерыем Iвановым, Эдуардам Зарыцкiм, Леанiдам Захлеўным, Уладзiмiрам Буднiкам, Мiкалаем Сацура і іншымі.

Цяпер з’яўляецца старшынёй секцыі музыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У маі Кастусь Цыбульскі адзначыў 70-гадовы юбілей. Жадаем аўтару новых цудоўных вершаў і песень!

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.


Беларусі матуля

Ты жала ў полi,
Дзяцей гадавала,
Пра лепшую долю
Прыгожа спявала.
І верыла ў шчасце,
Што ходзiць па свеце,
А дзетак забрала
Вайны лiхалецце.

Беларусi матуля,
Бог цярпеннем цябе надзялiў.
Беларусi матуля,
Прыгажэй не знайсцi на зямлi.
Беларусi матуля,
Ты кахання зямнога працяг,
Ты святая Мадонна,
Што трымае дзiця на руках.

На фронце была ты,
Сястрой ў медсанбаце,
І кулi, і бомбы
Ляцелi ў мацi.
Даўно зацягнула
Акопы і раны,
Ды гора прыйшло
Пахаванкай з Афгана.

Накрыты ў свята
Сталы рушнiкамi,
І пахне ў хаце
Вясной і блiнамi.
Матулiны песнi,
Як сонца над краем.
Тваю калыханку
Я сыну спяваю.

Сказ пра ката

Касматага i рыжага,
Як восеньскi стажок,
Гарэзу-блiнакрада
Нёс бацька ў мяшок.

I машынiст пракураны
За пачку папярос
Праныру безбiлетнага
На выселкi завёз.

Мiналi днi i месяцы,
Як кадры ў кiно…
Пра рыжага свавольнiка
Забылiся даўно.

Туманам слаўся верасень –
Шчадрэйшы грыбасей…
З дажынкамi-дакопкамi
Сплылi трывогi ўсе…

Дажджом i ветрам ранак
У шыбы грукатаў…
Пачулася ля веснiц
Кароценькае «мяў»…

Мы выбеглi з сястрою
Зiрнулi цераз плот –
Аж ток пайшоў па скуры:
Без лапак плакаў кот…

Пушысты рыжык-пыжык,
Праныра-блiнакрад…
А да бацькоўскай хаты
Без лап прыпоўз назад.

Малым я быў, а помню,
Як слёзы лiў з сястрой,
Як бiнтавалi лапкi
Кашуляю старой…

Буслоў кружыла восень,
Рабiны пёк касцёр…
А дома, каля ганку
Маўклiва кот памёр.

…У заморскiх рэстаранах
Шыкуе блазната…
А я любiць Айчыну
Вучуся ў ката.

Я ЗАСТАЮСЯ ТУТ…

Хтосьці кідае свой дом і ляціць на чужыну,
Дзе аксамітныя пальмы і водар віна.
Я застаюся навек, дзе чабор і ажына,
Дзе ў нарачанскім бярэзніку плача жаўна.

Тут Сож і Дняпро, дубы Белавежы,
Тут песні крыніц і споведзь званоў.
Са мной Беларусь і не трэба замежжа,
Бо тут карані і дубоў, і сяброў.

Хтосьці мяняе жытло на прапіску ў Мантана
І забывае ў «Штатах», як ліпа цвіце.
Я застаюся навек, дзе грыбныя туманы,
Дзе на Купалле вяночкі плывуць па вадзе.

Хтосьці кідае свой дом і ляціць на чужыну,
Толькі вяртае Радзіма з-за мора буслоў.
Ім, як і мне, даспадобы чабор і ажына,
Ім крылы дае, як і мне, да Радзімы любоў.

НЕ СТАЛО МАМЫ НА ЗЕМЛЕ…

У дома красная калина,
И белый снег еще белей.
А дом пустой встречает сына –
Не стало мамы на земле…

В моей душе теплится память,
Как уголек в печной золе.
А в сердце болью бьется пламя –
Не стало мамы на земле…

В доме старая икона,
От болезней, зла, беды.
Помогает нам сегодня,
Где за нас молилась ты.

В доме старая икона,
С ней – надеюсь, с ней – люблю.
За детей своих сегодня
Я Всевышнего молю…

Портретик твой под черной лентой
И рюмка с хлебом на столе.
Свеча горит, но мало света –
Не стало мамы на земле…

Январский вечер красит окна,
Ты в них смотрела столько лет.
Теперь они в молчанье скорбном –
Не стало мамы на земле…

НОЧ МАЛАДЗIКА

Над Случчынаю ноч маладзiка,
Трапечуць зоркi ў рачных затонах,
I цуглямi звiняць на лузе конi,
Лiлеямi ўспенена рака,
Над Случчынаю ноч маладзiка.

Туман змывае клёны i платы,
Мяжа злучае постацi каханых,
А над зямлёй у воблачка ўвабраны
Усходзiць важна месяц малады.

Ад вуснаў загараецца шчака,
I рук вянкi мне паланiлi шыю.
Каханая, Багi мае зямныя
Не ведаюць, як я цябе чакаў
У дзiўны час, у ноч маладзiка…

Начны салоўка сцiшыўся на мiг,
Мы ўдваiх пад зоркамi сусвету.
Тваiх грудзей даспелыя ранеты
Далоняў дакранаюцца маiх.

Ад слоў тваiх хмялее галава:
– Каханы мой, ты для мяне навекi…
У асалодзе жмурацца павекi,
I нас прымае вобмацкам трава.

…Няхай з табою канем у вяках,
На могiлках вянкi павыгараюць.
Дзве постацi сустрэнуцца за гаем,
У тумане белым, да рукi рука,
У дзiўны час, у ноч маладзiка…

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи