Пастаянства – знак надзейнасці, трываласці чалавека. Так пра Наталлю Цішкевіч гавораць і калегі: «Надзейная, адказная, старанная, сапраўдны прафесіянал». 39 гадоў яна працуе на адным месцы і на адной пасадзе – апаратчыкам па выпрацоўцы воцату ААТ «Слуцкі воцатны завод».
– У Покрашава на завод трапіла па размеркаванні пасля заканчэння прафтэхвучылішча. Думала, спачатку толькі на адпрацоўку, на два гады. Але шчыра прывязалася да сваёй справы, да калектыву. Тут выйшла замуж, дзеткі нарадзіліся. Вёска Покрашава стала для мяне роднай. І для мяне няма лепшага месца, – расказвае ўраджэнка Салігоршчыны.
Як падкрэсліў дырэктар ААТ «Слуцкі воцатны завод» Аляксандр Рыбак, Наталля Канстанцінаўна выдатная працаўніца, за сваю адданую работу не раз была адзначана граматамі рознага ўзроўню.
– Працэс вырабу нашай прадукцыі кругласутачны, патрабуе строгага выканання тэхналагічных патрабаванняў, – расказвае Наталля Цішкевіч. – Разам са спецыялістамі апаратчыкі па выпрацоўцы воцату кантралююць і рэгулююць яго. У тым ліку сочым за тэмпературным рэжымам, як падаецца вадкасць на букавае пілаванне, як ажыццяўляецца працэс браджэння і іншае. Вытворчасць воцату займае ад чатырох да сямі сутак. Кантрольныя агляды ў брадзільным цэху праводзім праз гадзіну.
Мая субяседніца расказвае, что ў апаратчыкаў па выпрацоўцы воцату зменны рэжым работы, працуюць у цесным узаемадзеянні з галоўным тэхнолагам прадпрыемства Жаннай Шчарбіцкай, інжынерам Іванам Броўкіным, іншымі спецыялістамі. Наталля падкрэслівае, што на заводзе сістэмна абнаўляюць абсталяванне, удасканальваюць вытворчасць, напрыклад, раней чатырохтонныя купажныя чаны заменены на 12-тонныя, за тэмпературным рэжымам цяпер сочаць з дапамогай камп’ютара.
Асабліва мая субяседніца адзначае зладжанасць завадчан, вопытнасць калектыву, захаванне на прадпрыемстве лепшых традыцый.
– Ганаруся нашай вытворчасцю. Слуцкі воцат – натуральная брэндавая прадукцыя, якую выпускаем розных відаў. Гонар працаваць на такім прадпрыемстве. Тут выдатнае кіраўніцтва, шмат робіцца для людзей, і галоўнае – я люблю сваю работу, – усмешка ў маёй суразмоўцы шчырая, сонечная, шчаслівая.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.