Маштабна, урачыста, ярка праходзілі ў Слуцку «Библиосумерки-2026» «Сваё. Роднае. Кніжнае», стаўшы ў пэўнай меры гімнам Беларусі, беларускаму слову і культуры, нашаму гораду, яго гісторыі.

На «Библиосумерки-2026» «Сваё. Роднае. Кніжнае» случчан у рамках рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі «Библионочь-2026» запрасілі супрацоўнікі Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі.


Тут чытачоў чакалі маляўнічая выстаўка «Код ідэнтычнасці: 7 цудаў Слуцка», пазнавальны стэнд-дыялог «Беларусь: за что мы говорим «СПАСИБО!», самыя розныя тэматычныя фотазоны – «Золотая нить истории» «Родны кут», «Смак беларускай мовы», «Cлуцк. Падарожжа ў часе».


Святочнае адкрыццё акцыі «Библиосумерки-2026» прайшло ў Слуцку на пляцоўцы перад будынкам бібліятэкі. Як зазначыла намеснік дырэктара ўстановы Вольга Жарнавая, мерапрыемства праводзіцца з 2017 года. Яно заклікае засяродзіць увагу чытачоў на роднай мове, культуры, на творах беларускіх пісьменнікаў. Тым больш зараз, калі ў краіне з шырокім размахам праходзіць яшчэ адна акцыя – “Кожную пятніцу – роднае, сваё”. Намеснік дырэктара бібліятэкі прызвала случчан больш чытаць на беларускай роднай мове, не забываць яе.


У атмасферы цеплыні, дабрыні, любові да роднага праходзіла музыкальна-паэтычная сустрэча з паэтэсамі-случчанкамі Святланай Францкевіч і Людмілай Вечар.


Для тых, хто не любіць сядзець на месцы, а рухацца-шавяліцца, прапанавалі творчае знаёмства з фальклорным калектывам народнай гульні і танца «Карагод» (кіраўнік Н.І. Бараш) і майстар-клас па развучванні танцаў.


Для аматараў прыгожага рукадзелля – майстар-клас па выцінанцы «Вазьмі нажніцы – зрабі цуд!» з Ігарам Калацкім, кіраўніком народнага аб’яднання «Фантазія» Cлуцкага гарадскога Дома культуры.
Работнікі бібліятэкі прапанавалі случчанам свой майстар-клас – па вырабу кніжнай закладкі ў стылі трэш-арт «Плеценая закладка».


Шмат цікавых фактаў з гісторыі роднага краю наведвальнікам бібліятэкі адкрыла інтэрактыўнае духоўна-асветніцкае знаёмства-прэзентацыя «Слуцкае Евангілле. Слова. Вобраз. Святло», працавала «Рукапісная майстэрня».


Пагартаць цікавыя старонкі гісторыі Случчыны і нашай Беларусі, убачыць яркія моманты сучаснасці, якія ўжо сёння становяцца нашым гонарам і гісторыяй, работнікі бібліятэкі прапанавалі гасцям мерапрыемства падчас бібліятэчнай прагулкі з гараджанкай «Cлуцк. Падарожжа ў часе», краязнаўчага перапынку «Маленькая радзіма – куточак Беларусі», інтэлектуальна-забаўляльнай праграмы «Беларусь у пытаннях і адказах»: свая гульня «Сімвалы і скарбы Беларусі».


Случчане ў гульнёвай форме змаглі накіравацца на «Пошукі кніжных скарбаў», паўдзельнічаць у літаратурным гастратуры «Беларуская кухня: смачная гісторыя», наведаць кніжнае кафэ «Хуткія літаратурныя знаёмствы». Паглядзець бібліятэчнае дэфіле «Мода родная, народная!» (кіраўнік І.Э. Гурына).


А яшчэ – задаць пытанні, пагутарыць з натарыусам, больш даведацца па прававой падтрымцы грамадзян у нашай краіне.


Не забылі падчас «Библиосумерак-2026» «Сваё. Роднае. Кніжнае» і пра дзіцячыю аўдыторыю. Якіх толькі пазнавальных заданняў, гульняў, віктарын, конкурсаў, сканвордаў не прыдумалі нашы бібліятэкары! Шмат цікавай інфармацыі пачарпнулі маладыя чытачы пра свой любімы горад і краіну, пра некаторыя беларускія словы. Для вучняў 5 – 11 класаў тут працавала лакацыя «Ганарымся, любім, зберагаем».


Для вучняў малодшага школьнага ўзросту – лакацыя «З народных глыбінь да сённяшніх дзён». А гэта – і новыя веды па этнаграфіі, і майстар-клас па вырабу абярэгавай лялькі.

Разбудзіла цікаўнасць у рабят і знаёмства з беларускімі народнымі гульнямі – «Лапаць», «Пасадзі бульбу», «Журавель».


Такім чынам, «Библиосумерки-2026» «Сваё. Роднае. Кніжнае», як і сама з’ява змяркання ў прыроде, сталі для случчан, удзельнікаў мерапрыемства, нечым, я б сказала, загадкавым, поўным цудаў, а яшчэ – радасцю асэнсавання сваёй прыналежнасці да нашага выдатнага краю, яго багатай культурнай спадчыны.


Наталля ГРАМЫКА.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи