Вялікая Айчынна вайна пакінула крывавы след на нашай зямлі. Загінуў кожны трэці: хто на полі бою, а каго карнікі забілі, спалілі жывым… Як у Хатыні. 22 сакавіка 1943 года.
У гэты дзень для аднаўлення пашкоджанай партызанамі паміж Плешчаніцамі і Лагойскай лініі сувязі былі накіраваны два ўзводы 1-й роты 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна. Але партызаны абстралялі аўтакалону фашыстаў. У перастрэлцы, пасля якой партызаны адступілі, быў забіты камандзір роты гаўптман Ганс Вёльке.
Пасля гэтага ў Хатынь накіравалі спецбатальён СС Дзірлевангера.
Ні ў чым не вінаватым жыхарам вёскі Хатынь фашысты вынеслі смяротны прысуд. З дамоў у вёсцы фашысты выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Сагналі ўсіх у хлеў на ўскраіне.
Карнікі абклалі сцены хлява саломай, лілі бензін і палілі запалкі. Драўляная пабудова імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі выратаваць дзяцей. Пад напорам дзясяткаў людзей адчынілі дзверы. У палаючым адзенні ахопленыя жахам людзі кінуліся ўцякаць, але тых, хто вырваўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў.
Сакавіцкі дзень 1943 года стаў апошнім для 149 хатынцаў, у тым ліку 75 дзяцей. У полымі зніклі 26 дамоў. На месцы лясной вёскі засталося папялішча…
За гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Слуцкага раёна было знішчана 36 вёсак, з якіх 12 так і не адноўлены: Захацінава, Перавалока, Кабыліна Балота, Фадзееўка, Задоўба, Крушнік, Беразінец, Краснае, Лазараў Бор, Гондарава, Пераходы, Лявішча.
Адлік спаленым вёскам Слуцкага раёна пачынаўся з першых дзён вайны. Яшчэ ў чэрвені 1941 года, падчас бою ў раёне Кучына, які вяла з немцамі часць Чырвонай Арміі пад камандаваннем палкоўніка Тутарынава, згарэлі вёскі Стары Гуткоў і Каліта. Крыху больш чым праз год, у канцы кастрычніка 1942 года, гэты спіс папоўнілі Жылін Брод і Фадзееўка. Іх фашысты палілі ўжо мэтанакіравана. У 1943 і 1944 гадах зверствы фашыстаў працягваліся.
Па звестках Генеральнай пракуратуры, да ўзбуджання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа было ўстаноўлена, што на тэрыторыі БССР знішчылі 9 200 населеных пунктаў, 186 вёсак з якіх паўтарылі лёс Хатыні. За гэтыя гады дакладна ўстаноўлена, што на тэрыторыі Беларусі знішчана не менш як 12 868 сёл і вёсак. Гэта значыць на 3 600 больш, чым лічылася раней. З іх лёс Хатыні паўтарылі 290 населеных пунктаў, якія былі цалкам знішчаны разам з мірным насельніцтвам і якія не былі адноўлены пасля Вялікай Айчыннай вайны. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.
Трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўцаў у адносінах да насельніцтва Беларусі.
Ірына КАВАЛЕНКА.