У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна прайшлі мерапрыемствы да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Лепшых механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў, спецыялістаў віншавалі і ў Падлессі.
Свята ладзілі ў Падлескім сельскім доме культуры. Яно прайшло душэўна, шчыра, ярка, а яшчэ, я б сказала, па-сямейнаму ўтульна. І не дзіва, калектыў ААТ «Падлессе-2003» згуртаваны часам і справамі, нямала сямейных дынастый. Зала поўнілася людзьмі: былі ветэраны, працаўнікі гаспадаркі, некаторыя завіталі на ўрачыстасць з дзеткамі.
З упэўненасцю можна сказаць, што адкрытае акцыянернае таварыства «Падлессе-2003» з году ў год адна з самых стабільных, паспяховых сельскагаспадарчых арганізацый Случчыны. Як адзначыў падчас выступлення на ўрачыстасці дырэктар ААТ «Падлессе-2003» Іван Іванавіч Барысавец, сёлета гаспадарка ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых, на ўборцы кукурузы (ураджайнасць кукурузы 142 цэнтнеры з гектара, атрымана зерня на бала-гектар 308,7 кілаграма).
Радуюць поспехі сельгасарганізацыі і па іншых напрамках вытворчай дзейнасці. Па выніках дзевяці месяцаў у «Падлессі-2003» атрымалі малака да аналагічнага перыяду мінулага года 100,5%, у цэлым валавай прадукцыі ў супастаўных цэнах – 100,1%.
– Сельская гаспадарка заўсёды была і застаецца найважнейшай галіной эканомікі нашай краіны. Толькі шчырая любоў людзей да роднай зямлі і нацэленасць у штодзённай працы, часта без выхадных і адпачынкаў, забяспечваюць дасягненне высокіх вынікаў, – падкрэсліў Іван Іванавіч Барысавец. – Гэта праца патрабуе пастаяннага напружання і каласальнай самааддачы, вытрымкі і стойкасці, гаспадарлівых адносін да зямлі, тэхнікі і абсталявання.
Старанных, руплівых, адданых справе працаўнікоў у «Падлессі-2003» нямала. Пацвярджэннем з’яўляецца і той факт, што работнікі гэтай сельскагаспадарчай арганізацыі ў ліку сёлетніх пераможцаў раённага працоўнага спаборніцтва: трактарысты-машыністы на нарыхтоўцы кармоў Сяргей Мікалаевіч Чаранкевіч (першае месца; на кормаўборачным камбайне УЭС 2-250 нарыхтаваў 33 285 тон зялёнай масы), Яўген Мікалаевіч Уласавец (другое месца; на кормаўборачным камбайне КГ-6 «Палессе» нарыхтаваў 32 675 тон зялёнай масы); на трамбоўцы зялёнай масы – Аляксандр Аляксандравіч Кейлер (другое месца, на ТО-352 затрамбаваў 39 444 тоны); на касьбе траў – Анатолій Анатольевіч Кунцэвіч (першае месца; на УЭС 2-250 скасіў травы на плошчы 4 445 га).
У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва працаўнікі жывёлагадоўчай сферы гаспадаркі: заатэхнік-селекцыянер Святлана Канстанцінаўна Рудак (першае месца; выхад цялят на 100 кароў і цялушак 79 галоў), слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання жывёлагадоўчых фермаў Юрый Мікалаевіч Турко (другое месца). Выдатна працуюць аператары па штучным асемяненні кароў Кацярына Мікалаеўна Ерш (выхад цялят на 100 кароў і цялушак 82 галавы), Таццяна Пятроўна Паўлюкевіч (выхад цялят на 100 кароў і цялушак 94 галавы) і многія, многія іншыя.
– У гэты ўрачысты дзень гаворым словы шчырай удзячнасці нашым дарагім ветэранам, якія на заслужаным адпачынку, а таксама якія працуюць у гаспадарцы, перадаюць свае вопыт, веды і майстэрства маладым, – звярнуўся да прадстаўнікоў старэйшага пакалення Іван Іванавіч. – На працягу многіх гадоў вы адданай працай, ініцыятывай, наватарствам умацоўвалі і развівалі вытворчасць, матэрыяльна-тэхнічную базу нашай сельгасарганізацыі. Вялікі вам дзякуй і нізкі паклон. Хочацца адзначыць, што наш калектыў папаўняюць маладыя кадры, энергічныя спецыялісты, якія годна працягваюць працоўныя традыцыі, прымнажаюць дасягненні гаспадаркі.
Несумненная заслуга ў поспехах ААТ «Падлессе-2003» Івана Іванавіча Барысаўца, які на працягу ўжо многіх гадоў удала кіруе калектывам, мудрага арганізатара, кампетэнтнага дырэктара і ўважлівага чалавека. Так пра яго на свяце гаварылі многія вяскоўцы.
Цырымонія ўзнагароджання праходзіла ўрачыста і хвалююча: граматамі сельгасарганізацыі былі адзначаны многія механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы, спецыялісты, ветэраны. Іх запрашалі на сцэну, віталі апладысментамі, урачалі кветкі.
З віншаваннямі, падзякай за плённую працу, пажаданнямі новых працоўных поспехаў, здароўя, шчасця, дабрабыту да прысутных звярнуліся галоўны бухгалтар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Слуцкага райвыканкама Іна Фёдараўна Прыбытак, старшыня Знаменскага сельвыканкама Вольга Мікалаеўна Долбік. Грамату Слуцкага райвыканкама на свяце ўручылі трактарысту-машыністу Юрыю Аляксеевічу Ермаковічу, падзякамі Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначаны: загадчыцы малочнатаварных комплексаў Валянціна Іванаўна Дайлід, Ларыса Фёдараўна Яўстрат, дыспетчар Таццяна Іванаўна Басалыга, галоўны аграном Мікалай Іванавіч Кананок, галоўны заатэхнік Вячаслаў Міхайлавіч Кракасевіч, галоўны энергетык Эдуард Міхайлавіч Барчук.
Ну і якое ж свята без песень і танцаў! Шмат цудоўных канцэртных нумароў падарылі гледачам работнікі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Падлескага СДК, выхаванцы Падлескага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад – сярэдняя школа. А ўжо колькі прыемных эмоцый выклікала ў публікі выступленне Мікалая Галадка, кожная песня ў яго выкананні суправаджалася авацыямі гледачоў. За цудоўныя канцэртныя нумары артыстам дзякавала намеснік дырэктара ААТ «Падлессе-2003» па ідэалагічнай рабоце Алена Сяргееўна Харытончык.
…Так склалася спрадвеку, гістарычна: беларуская зямля трымаецца на вясковай працы. Відавочна, что і сёння сельгасвытворцы ў кагорце людзей самых важных, вядучых прафесій краіны: менавіта яны забяспечваюць харчовую бяспеку нашай Беларусі, аснову эканомікі, а значыць, і дабрабыту. За нястомную працу, за клопат пра зямлю родную, за адданасць сялянскаму абавязку вялікі дзякуй гэтым людзям!
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.