У нашай краіне заўсёды з павагай ставіліся да людзей, якія вырошчваюць хлеб, ушаноўвалі іншых працаўнікоў вёскі. Шмат увагі людям, якія працуюць у полі ці на ферме, удзяляецца і зараз. І гэта нездарма. Ад іх укладу залежыць харчовая бяспека краіны, многія эканамічныя паказчыкі, у тым ліку і ў прамысловасці.
Тых, хто не баіцца рана ўставаць і гатовы зарабляць добрыя грошы, чакаюць і ў сельгасарганізацыях Случчыны. Прапануюць адразу забяспечыць жыллём і працай, у тым ліку і сямейных. Дзесьці гатовы выдзеліць пакой у інтэрнаце, а ў іншых сельгасарганізацыях – і асобны дом, ці нават купіць кватэру для сваіх работнікаў у горадзе (аб гэтым «Слуцкі край» пісаў раней – аўт.). Праўда, каб жыць з камфортам, трэба сябе праявіць, зарэкамендаваць з лепшага боку.
Пачала дзейнічаць і яшчэ адна мера падтрымкі дзяржавы. Так, калі вы афіцыйна зарэгістраваны ў службе занятасці як беспрацоўныя і жадаеце пераехаць на працу ў сельскую мясцовасць, вам выплацяць «пад’ёмныя» ў памеры 9 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. З 1 лютага па 30 красавіка 2026 года сума складае 4 472,64 руб. Сродкі выдзяляюцца пры заключэнні трохбаковага дагавору, абавязковая адпрацоўка не менш за год. Для сямейных (калі муж і жонка разам афармляюць пераезд, сума удвойваецца).
Грошы можна патраціць па ўласным меркаванні. Калі сельгасарганізацыя прадаставіла жыллё, то гэту суму можна размеркаваць так, што хопіць, каб набыць самую неабходную мэблю і бытавую тэхніку. Пры гэтым не трэба браць крэдыты ці плаціць з растэрміноўкамі плацяжу. Ды і жыллё – домік ці кватэру – з цягам часу можна будзе выкупіць, прыватызаваць.
А работы на вёсцы сапраўды хапае, ды і заработкі някепскія. У топе запатрабаванасці ў раёне – трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцелі аўтамабіляў, цесляры, жывёлаводы, аператары машыннага даення. Не хапае падсобных рабочых, прадаўцоў, электраманцёраў па рамонту і абслугоўванні электраабсталявання. Што тычыцца спецыялістаў, не хапае ветэрынарных урачоў і фельчараў.
Па дадзеных аддзела занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама, на 1 студзеня 2026 года ў Слуцкім раёне налічвалася 1 767 вакансій, з іх 571 у сельскай мясцовасці (па рабочых спецыяльнасцях – 444, спецыялісты (служачыя) – 127). Па заяўленых вакансіях заработная плата ў сельскай мясцовасці складае ад 1,5 тысячы да 3,35 тысячы рублёў. Але гэта не мяжа. Хто стараецца, зарабляе і больш. Вядома, заработкі залежаць і ад сезоннасці работ.
Сярэдняя зарплата за 2025 год у сферы сельскай гаспадаркі Случчыны па дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама па найбольш запатрабаваных прафесіях склала: у трактарыстаў-машыністаў – 3 216 руб., аператараў машыннага даення – 2 674 руб., вадзіцеляў – 2 959 руб.
І тут асноўны акцэнт на слове «сярэдняя». Бо ўсё мае сваю цыклічнасць. Зарабатная плата людзей ад іх саміх жа і залежыць. Будзе жаданне працаваць самааддана – і грошы большыя можна зарабіць. Ці не так?!
А ёсць жаданне вучыцца – калі ласка. З дапамогай сельгасарганізацыі можна атрымать не толькі навыкі па рабочай прафесіі, але і вывучыцца, да прыкладу, на заатэхніка. Дарэчы, выпускнікі сельскагаспадарчых вну зараз самыя запатрабаваныя спецыялісты. На аднаго такога выпускніка вну паступае да 8 заявак.
Ніхто не кажа, што працаваць на вёсцы проста. Але ці ж бывае сапраўдная работа лёгкай…
Наталля ГРАМЫКА.