На базе Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя прайшла спартландыя з удзелам непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная праца.


Арганізатары спаборніцтваў – камісія па справах непаўналетніх Слуцкага райвыканкама, інспекцыя па справах непаўналетніх Слуцкага РАУС, Слуцкі райкам БРСМ, Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй.


Зарад станоўчых эмоцый атрымалі не толькі ўдзельнікі спаборніцтваў, але і гледачы, пры актыўнай падтрымцы якіх змагаліся прадстаўнікі трох каманд навучэнцаў устаноў адукацыі і зборная каманда інспектараў інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама  і выкладчыкаў Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.
Спартландыя складалася з дзесяці эстафет, падчас якіх спартсмены павінны былі праявіць кемлівасць, спрыт і зладжанасць каманды. 

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Чарнушэвіч падзякавала ўдзельнікам спартландыі за актыўнасць, пажадала ім далейшых поспехаў і жыццёвых перамог. 
 Пасля ўпартай барацьбы месцы размеркаваліся наступным чынам:
1 месца – зборная каманда інспектараў ІСН РАУС і Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя;
2 месца – каманда Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя; 
3 месца – каманда Слуцкага дзяржаўнага каледжа;
4 месца – зборная каманда ўстаноў сярэдняй адукацыі.



Усе каманды атрымалі граматы і тарты.
Арганізатары мерапрыемства выказваюць вялікую падзяку ААТ «Слуцкі хлебазавод» за прадастаўленыя салодкія прызы.

Похожие записи