Наталля Аксёнава вядучы інжынер па якасці на Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў 
Наталля Аксёнава працуе на Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў вядучым інжынерам па якасці. На прадпрыемства прыйшла ў 2011 годзе тэхнікам-лабарантам. Яна – старшыня прафкама камбіната, намеснік сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ.
Моладзі на камбінаце хоць і не пераважная большасць, але ж гэта вельмі актыўная частка працаўнікоў, адзначае Наталля. І ўсе работнікі камбіната хлебапрадуктаў члены прафсаюза  работнікаў АПК.
– Мы ўдзельнічаем у конкурсах, розных спаборніцтвах, у сёлетняй спартакіядзе работнікаў АПК занялі прызавыя месцы ў некалькіх відах, бываем на экскурсіях, не прапускаем важныя падзеі грамадскага жыцця Случчыны, – расказвае яна. – Калектыў дружны, зладжаны, у гэтым наша сіла.
Дачка Наталлі Кацярына такая ж актыўная, як яе энергічная пазітыўная мама, займаецца ва ўзорным ансамблі танца «Папараць-кветка», удзельнічае ў школьных і раённых мерапрыемствах. 
Вельмі прыемна было даведацца, што работнікі КХП пастаянна падпісваюцца на «Слуцкі край», матэрыялы выдання выкарыстоўваюць на інфармацыйных гадзінах. Сама Наталля з раёнкай знаёмая з дзяцінства: дома «Слуцкі край» выпісваюць заўсёды. Цікава прачытаць пра землякоў, пра моладзь, можна знайсці карысныя парады, падабаецца літаратурная творчасць случчан, гаворыць яна. Ну і, вядома ж, заўсёды прыемна бачыць на старонках выдання матэрыялы пра сваіх калег, работнікаў камбіната.
Ірына ВЕЧАР.
									
								 
								 
																											 
												 
												 
												 
             
             
					 
					 
					