Штодня, у кругласутачным рэжыме, на Слуцкім хлебазаводзе выпякаюць свежы духмяны хлеб. З раніцы машыны стаяць ужо «напагатове», каб пакупнікоў у магазінах чакаў пышны хлеб і залацістыя батоны.
Пад’язджаючы да хлебазавода, адразу адчула водар свежага хлеба. З асалодай удыхаючы цудоўны пах, заходжу на тэрыторыю прадпрыемства.
– Так, наш хлеб – самы смачны і духмяны! – у цэху з усмешкай сустракае мяне Людміла Богля.
– А ў чым яго сакрэт? – пытаюся.
– Усё проста, мы хлеб «сэрцам» робім, – адзначае майстар змены. – Як ні дзіўна, але ў аднаго і таго ж цеставода цеста атрымліваецца крышку розным у залежнасці ад настрою. Дзіў-на – бо ён пастаянна выкарыстоўвае адну і тую ж рэцэптуру. Важна ўкладваць у хлеб часцінку душы, умець адчуць яго на кожным этапе. Для гэтага, канечне, патрэбны вопыт. Але гэтага мала. Добрай выпечцы патрэбныя не толькі мука, дрожджы, але і немалая праца. І не аднаго чалавека. Для таго, каб зрабіць па-сапраўднаму добры хлеб, трэба сабраць дружны і прафесійны калектыў. Цудоўна, што ў нас на прадпрыемстве ён менавіта такі.
Людміла Пятроўна ўладкавалася на Слуцкі хлебазавод 26 гадоў таму, адразу пасля заканчэння ПТВ-132 г. Слуцка (цяпер Слуцкі дзяржаўны каледж).
– Я, можна сказаць, прыйшла працаваць рабочай, рабіла ўсё, што скажа майстар, – успамінае Людміла Богля. – Праз кароткі час стала ўкладчыкам хлебабулачных вырабаў, потым пайшла на ўпакоўку, затым працавала фармоўшчыцай, цестамесам, пекарам. У 1998 годзе паступіла ў Магілёўскі ўніверсітэт харчавання па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг хлебабулачных, макаронных і кандытарскіх вырабаў, па заканчэнні якога перайшла на пасаду кантралёра гатовай прадукцыі, затым – тэхнолагам, а апошні год займаю пасаду майстра змены.
У падначаленні Людмілы Пятроўны 31 чалавек, з іх усяго 6 мужчын. Менавіта моцны пол заняты на найбольш цяжкіх працэсах. Па словах Людмілы, галоўная задача калектыву – у першую чаргу забяспечыць своечасовае выкананне заяўкі, яе, як майстра, – арганізацыя працы, кантроль за дысцыплінай.
За змену ў ААТ «Слуцкі хлебазавод» у сярэднім выпякаюць 7 тон батонападобных вырабаў, за суткі вырабляецца ад 21 да 46 тон прадукцыі. Наогул, за змену – 6 гатункаў рознага хлеба.
– У сваёй працы я люблю ўсё, – адзначае Людміла Пятроўна. – Ідзеш па цэху – вось цеста ў чане, вось па лініі выходзіць гатовы духмяны батон або хлеб. Глядзіш – і душа радуецца.
Самым жа няпростым Людміла Богля лічыць знайсці падыход да кожнага члена брыгады: людзі ўсе розныя, кожны са сваім характарам. Асабліва гэта тычыцца практыкантаў: іх усіх трэба навучыць, арганізаваць, з’яднаць.
– Шчыра кажучы, я нават не ўяўляю, кім бы яшчэ магла працаваць, – кажа Людміла Пятроўна. – Для мяне ёсць толькі адна прафесія – хлеб пячы. На жаль, мае дзеці не захацелі пайсці па маіх слядах, але я не адчайваюся, бо ў мяне двое ўнукаў!
У вольны ад працы час Людміла Пятроўна любіць ездзіць у лес, лічыць гэта выдатным адпачынкам.
Ірына ШАБАШАВА.