Падыходзіць да завяршэння прызыўная кампанія. Якія перавагі службы ў арміі і навучання ў вышэйшых навучальных установах па ваенных спецыяльнасцях, расказаў начальнік аддзела прызыву ваеннага камісарыята Слуцкага і Старадарожскага раёнаў падпалкоўнік Дзяніс Дзмітрыевіч Багдановіч:

– Работа па падрыхтоўцы юнакоў да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, па прафарыентацыі пастаянна праводзіцца супрацоўнікамі ваеннага камісарыята ва ўзаемадзеянні з раённай арганізацыяй Беларускага саюза афіцэраў, БРСМ, школамі: праходзяць урокі мужнасці, сустрэчы з ваеннаслужачымі, работнікамі ваенкамата, ветэранамі Узброеных Сіл, курсантамі ВНУ і іншае. Мы расказваем, што арміі не трэба баяцца, што гэта недарма патрачаны час. А цяпер гэта і пэўныя перавагі.
Са студзеня 2020 года ўступаюць у сілу ініцыіраваныя Міністэрствам абароны змены ў некаторыя заканадаўчыя дакументы, якія пашыраюць магчымасці для адслужыўшых у арміі. Напрыклад, з 1 студзеня 2020 года пачнуць дзейнічаць змяненні ў Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія замацоўваюць за адслужыўшымі ў арміі першачарговае права на інтэрнат, гэта тычыцца навучэнцаў і студэнтаў. Для гэтага ім спатрэбіцца рэкамендацыя на навучанне з воінскай часці.
З 28 студзеня ўступяць у сілу змяненні ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Згодна з імі пасля службы ў арміі за грамадзянінам на працягу трох месяцаў захоўваецца працоўнае месца (або прадастаўляецца раўнацэнная пасада) незалежна ад формы ўласнасці наймальніка (раней гэта тычылася толькі дзяржустаноў).
Міністэрствам абароны ініцыіраваны яшчэ шэраг сацыяльных гарантый для ваеннаслужачых, якія прайшлі тэрміновую службу, большасць – у сферы адукацыі.
  • Нагадаю, што цяпер служба ў арміі дае наступныя прэферэнцыі:
– магчымасць паступіць на дзяржслужбу і службу ў сілавых структурах; 
– працаўладкаванне жонак ваеннаслужачых тэрміновай службы не пазней двух месяцаў з дня звароту; 
– дзецям ваеннаслужачых гарантуецца прадастаўленне месца ў дзіцячым садзе на працягу трох месяцаў з дня падачы заявы; 
– выплата матэрыяльнай дапамогі пры вяртанні на ранейшае месца працы пасля тэрміновай ваеннай службы; 
– у тэрмін адпрацоўкі па жаданні выпускніка залічваецца перыяд ваеннай службы па прызыве і іншае. 
У сферы адукацыі наступныя перавагі: паступленне па-за конкурсам у ваенную ВНУ і паступленне ва ўсе ВНУ для ваеннаслужачых роты ганаровага каравула.
Навучанне на ваенных факультэтах і ў Ваеннай акадэміі таксама дае шэраг пераваг. Курсанты знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, атрымліваюць стыпендыю памерам 300 – 350 рублёў. Вольны час курсантаў насычаны і разнастайны. Яны ўключаюцца ў даследчыцкую і навуковую дзейнасць, удзельнічаюць у творчых фестывалях і конкурсах, у спартыўных спаборніцтвах.
Кожны выпускнік атрымлівае першае працоўнае месца, існуе шэраг матэрыяльных заахвочванняў. Ваенныя спецыялісты ў галіне медыцыны, будаўніцтва, транспарту, сувязі могуць паспяхова працаваць і па-за ваеннай службай.
Ёсць, вядома, свае нюансы ў ваеннай службе. Жыццё ваеннага падпарадкавана статуту, не так шмат вольнага часу і ёсць некаторая яго абмежаванасць. Але ж прафесія ваеннага – гэта не толькі набор пэўных прывілей. Трэба быць гатовым абараняць краіну, не толькі атрымліваць нешта, але і аддаваць. 
Звяртаюся да старшакласнікаў і іх бацькоў. Памятайце пра абавязкі прызыўніка па воінскім уліку, своечасова выконвайце дапрызыўныя і прызыўныя мерапрыемствы.
  • Па пытаннях атрымання прафесіі ваеннага і іншых звяртайцеся ў ваенны камісарыят Слуцкага і Страдарожскага раёнаў. Прыходзьце і тэлефануйце: 5-24-75.
Ірына ШЧАРБОВІЧ.

Похожие записи