Конкурс-атэстацыя спецыялістаў па штучным асемяненні кароў і цялушак сельскагаспадарчых арганізацый прайшоў у Слуцкім раёне на базе ААТ «Вясейскі Пакроў».
У жывёлагадоўлі ўсе прафесіі важныя, але тэхнік-асемянатар – на асаблівым рахунку. Ад вынікаў іх працы залежыць узнаўленне статка, вытворчасць малака і мяса і наогул узровень эканомікі сельгасарганізацыі.
Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. Удзельнікі прафесійнага спаборніцтва адказвалі на тэарэтычныя пытанні, рыхтавалі да работы сваё працоўнае месца (падрыхтоўка інструментаў да асемянення, вызначэнне якасці семені пад мікраскопам і іншае). Тэхнікі-асемянатары хоць і прыкметна хваляваліся, але з гэтым заданнем у цэлым справіліся добра. Пры падвядзенні вынікаў улічваліся паказчыкі работы тэхнікаў-асемянатараў за мінулы год.
Лепшым тэхнікам-асемянатарам стала Кацярына Мікалаеўна Ёрш (ААТ «Падлессе-2003»). На другі месцы – Таццяна Аляксандраўна Сцешык з ААТ «Аграфірма «Лучнікі», трэцяе месца – у Наталлі Барысаўны Трафімовіч з ААТ «Вясейскі Пакроў». Толькі на 0,2 бала адстала ад прызёраў Святлана Пятроўна Грачак з ААТ «Казловічы-Агра». Ім уручаны дыпломы Слуцкага раённага выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі ад аграпрамысловага саюза. Першы намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў узнагародзіў пераможцаў і падзякаваў ім за працу. Дарэчы, сёлета конкурс у 31-ы раз сабраў усіх тэхнікаў-асемянатараў раёна. У ім удзельнічалі 66 спецыялістаў.
Каштоўнымі падарункамі ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК былі ўзнагароджаны работнікі ў наступных намінацыях: «За вернасць прафесіі» – тэхнік-асемянатар ААТ «Ісерна» Вольга Іванаўна Гарэцкая (у прафесіі яна больш за 30 гадоў), «За маладосць у прафесіі» – тэхнік асемянатар ААТ «Аграфірма «Лучнікі» Марыя Мікалаеўна Алісова (у прафесіі адзін год), «За ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў» – тэхнік-асемянатар ААТ «Слуцкая Ніва» Мікалай Аляксандравіч Лежан (у яго лепшы пункт абнасеньвання).
Па традыцыі ад раённай прафсаюзнай арганізацыі павіншавалі імяніннікаў, якія нарадзіліся ў верасні. Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.
Таццяна ГУРБО, 
старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Похожие записи