Здавалася б, убралі зерне з палеткаў і можна перадыхнуць. Але на самой справе аграрыям не да адпачынку. Неабходна сеяць азімыя культуры, убіраць кукурузу, цукровыя буракі, бульбу… Нездарма кажуць у народзе: увосень работ восем.
У сельгасарганізацыях раёна азімыя збожжавыя пасеяны на плошчы 13 009 гектараў (43% да неабходнага), у тым ліку 11 347 гектараў пшаніцы. Наогул, сёлета пад азімыя культуры ў раёне адведзена 30 394 гектары, з іх 17 740 гектараў – пшаніца, 6 079 гектараў – трыцікале, 1 650 гектараў – жыта. Больш за палову неабходнай плошчы пасеялі ў ААТ «Вясейскі Пакроў» (59%), «Слуцкая Ніва» (57%), КСУП «Эксперыментальная база «Танежыцы» (55%), ДП «Саўгас «Рачкавічы» (55%), сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (53%).
У ААТ «Слуцкая Ніва» пад азімую сяўбу зааралі 905 гектараў (69%). У сельгасарганізацыі стаўку робяць на азімую пшаніцу (сёлета атрымалі 46 цэнтнераў з гектара), пад яе ў гаспадарцы адведзена 1 100 гектараў. Яшчэ 215 гектараў – азімыя на зялёны корм.
– Правесці пасяўную кампанію ў аптымальныя тэрміны і з выкананнем ўсіх тэхналагічных працэсаў – першачарговая задача для нас. Гэта павінна прынесці свой плён у наступным годзе. Азімыя культуры даюць значна большую ўраджайнасць, чым яравыя, – расказвае галоўны аграном ААТ «Слуцкая Ніва» Сяргей Сяргеевіч Бортнік. – Пад патрэбу набылі элітнае насенне ў эксперыментальнай базе «Танежыцы», таксама выкарыстоўваем уласнае насенне першай рэпрадукцыі.
На сяўбе азімых у «Слуцкай Ніве» задзейнічаны два пасяўныя агрэгаты, на якіх працуюць Аляксандр Мікалаевіч Гусеў і Валерый Уладзіміравіч Кот.
Акрамя іншага ў сельгасарганізацыі намаганні накіраваны на нарыхтоўку кармоў, зараз – на ўборку кукурузы на сілас. Паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі на гэтым відзе работ механізатар Віталій Сяргеевіч Жук. На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны пяць адзінак тэхнікі. На наступным тыдні пачнуць убіраць кукурузу на зерне. Так, у гаспадарцы ўжо назапасілі 4 733 тоны сіласу (33% да неабходнага). Наогул, на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі 20,81 цэнтнера кармавых адзінак, што на 1,26 ц.к.адз. больш, чым летась. Дарэчы, сёлета атрымалі больш сенажу (106%).
Не сакрэт, што нарыхтаваная восенню зялёная маса стане адным з асноўных кармоў, які будзе спажываць буйная рагатая жывёла падчас зімне-стойлавага ўтрымання. Але проста нарыхтаваць сілас мала: ён павінен быць пажыўным, утрымліваць у сабе неабходную колькасць карысных рэчываў.
Ірына КАВАЛЕНКА.