Злосны вецер выстуджвае вуліц
бязважную цемень,
Абівае лісты і суквеццямі
зоркі зрывае, –
Гэта восень прыйшла наталіцца
каханнем нясмелым
І сваё блаславенне нам шле
ўладарка зямная.
Затанцуюць па стрэхах дажджы –
баль вадзіцы сцюдзёнай.
І багацце кляновых чупрынаў
пажарам аслепіць.
Быццам свечкі ўспыхнуць яны
на раскрытых далонях.
Восень. Зноў закаханая восень
гуляе па свеце.


х х х
Я восень палюбіла. Восень тую,
Што мне вярнула веру ў жыццё.
Я закахана ў восень залатую,
Што агарнула новым пачуццём.

За асалоду і спакой на сэрцы,
За шчасце слухаць вераснёўскі дождж.
Што нам з табой цяпер,
як іншаверцам,
Не быць у храме шчасця разам больш.

Не для цябе схіляе гронкі вецер
І зоркі ўсміхаюцца ўначы.
Не для цябе цяпер на гэтым свеце
Мой чысты смех, як музыка, гучыць.

х х х


Забылася ты, восень, пра мяне,
Што кожны год мне радасці дарыла
І сотні слоў праўдзівых гаварыла
Так хораша, як у прарочным сне.

Наросхрыст на жыццёвым скразняку
Мая душа, нібыта на распяцці.
За ачышчэнне і свабоду плаціць.
Даруй мне, восень, дай сваю руку.

Даруй, што прагну неба вышыні,
Хоць на зямлі пакуль яшчэ патрэбна.
Мне б улагодзіць лёс блакітам неба
І даць далоням сонца цеплыні.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи