Аб некаторых напрамках прыродаахоўнай работы на Случчыне карэспандэнту «Слуцкага краю» падчас інтэрв’ю расказаў начальнік Слуцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Аляксандравіч Цыбулька.
– Сяргей Аляксандравіч, якія прыярытэтныя задачы ў дзейнасці інспекцыі на дадзеным этапе?
– Наша работа рознапланавая: кантроль за чысцінёй земляў, водных рэсурсаў, паветра, пытанні азелянення, захавання лясных угоддзяў, дзікіх жывёл і птушак, раслін, выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства і іншае. У ліку першачарговых, канечне, пытанні навядзення парадку на зямлі. Пачынаючы з 2011 года, у раёне праводзіцца работа па закрыцці міні-палігонаў для цвёрдых адходаў. Гэта рашэнне найперш абумоўлена стопрацэнтным ахопам насельніцтва Случчыны вывазам камунальных адходаў. На тэрыторыі раёна ўжо закрыты і рэкультываваны 61 міні-палігон, землі, якія раней былі пад міні-палігонамі, уцягнуты ў гаспадарчы абарот. Работы выконваліся за сродкі раённага бюджэту. За сродкі абласнога бюджэту будзе праводзіцца закрыццё і рэкультывацыя міні-палігона каля аграгарадка Вежы. На чарзе таксама ліквідацыя міні-палігонаў у Грэску, Забалаці, Горках – да 2020 года ў раёне будуць ліквідаваны ўсе міні-палігоны.
– Асаблівая ўвага ў краіне цяпер надаецца раздзельнаму збору камунальных адходаў. Як з гэтым сітуацыя ў Слуцкім раёне?
– Штогод у Слуцку, вёсках раёна праводзіцца ўстаноўка кантэйнераў для раздельнага збору бытавых адходаў, і работа гэта працягваецца. Праўда, і наяўныя кантэйнеры не заўсёды запаўняюцца належным чынам. На жаль, случчане ў большасці сваёй не прытрымліваюцца раздзельнага збору адходаў. У Слуцку з бытавых адходаў выдаляецца толькі 16 працэнтаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, у рэспубліцы гэты паказчык даходзіць да 50 працэнтаў. Відавочна, гэта вельмі перспектыўны напрамак, які забяспечвае вялікую эканомію сродкаў, што пацверджана сусветнай практыкай. Напрыклад, у многіх еўрапейскіх краінах выкарыстоўваецца каля 99 працэнтаў бытавых адходаў. Варта далучацца да еўрапейскага супольніцтва, прызвычайваць насельніцтва да раздзельнага збору адходаў. Асаблівая роля ў гэтай растлумачальнай рабоце адводзіцца ЖКГ, сельвыканкамам, сродкам масавай інфармацыі.
– Актуальная цяпер тэма барацьба з інвазіўнымі раслінамі. На жаль, гэта экалагічная праблема не абмінула і Случчыну…
– На гэты год зацверджаны раённыя планы мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюджання на Случчыне інвазіўных раслін – баршчавіка Сасноўскага і залатарніка канадскага. У раёне 29 гектараў земляў занята баршчавіком Сасноўскага, гэта чацвёрты паказчык у вобласці. Работа па знішчэнні гэтай шкоднай расліны вядзецца і прыносіць вынікі: у 2010 годзе плошчы пад баршчавіком Сасноўскага складалі на Случчыне 40 гектараў. На некаторых участках рэцыдывы росту баршчавіка Сасноўскага не назіраюцца ўжо больш за чатыры гады, напрыклад, каля вёскі Малоткава побач з дарожнай развязкай Р-23, у напрамку дарогі Слуцк – Жукі.
Змагацца з гэтай раслінай няпроста, скошванне і выкопванне не прыносіць жаданых вынікаў, найбольш эфектыўны спосаб барацьбы – прымяненне хімічных сродкаў. У мінулым годзе на гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдаткавана 25 тысяч рублёў – зішчэннем баршчавіка Сасноўскага займалася спецыялізаваная арганізацыя. Сёлета з раённага бюджэту выдзелена такая ж сума на правядзенне работ па знішчэнні расліны, заключаны дагавор з прадпрымальнікам на выкананне гэтых работ. Узыходжасць насення баршчавіка Сасноўскага захоўваецца да сямі гадоў, так што апрацаваныя пестыцыдамі землі застаюцца на кантролі інспекцыі.
На тэрыторыі раёна выяўлены і яшчэ адзін від інвазіўнай расліны – залатарнік канадскі. У мінулым годзе з выкарыстаннем квадракоптэра праведзена абследаванне земляў раёна – выяўлены два ўчасткі, занятыя залатарнікам, звыш 120 гектараў. Гэта тэрыторыі былых торфараспрацовак на межах Слуцкага і Пухавіцкага, а таксама Уздзенскага раёнаў. У мінулым годзе правялі хімічную апрацоўку расліны на ўчастку 10 гектараў каля вёскі Ціхань. На жаль, на землях РСУП «Саўгас «Слуцк» і ДЛГУ «Слуцкі лясгас» гэтыя работы не праводзілі.
Распаўсюджанню залатарніка садзейнічае тое, што расліна ў асенні перыяд з’яўляецца асноўным меданосам. Некаторыя жыхары нават наўмысна яе культывуюць. Карыстаючыся выпадкам, хачу зярнуцца да случчан с просьбай не рабіць гэтага, улічвайце, што расліна наносіць шкоду экалогіі роднага краю.
– З якімі пытаннямі часцей звяртацца ў інспекцыю случчане?
– Цяпер больш за ўсё зваротаў па птушанятам, якія нібыта выпалі з гнёздаў. Адказваем: птушаняты вучацца лятаць, некаторыя проста не далятаюць да гнёздаў. Такую птушачку не трэба браць дамоў, шукаць ёй прытулак, самае карыснае – пасадзіць птушку на галінку дрэва, птушаня само знойдзе дарогу дамоў. Дарэчы, у раёне шмат робіцца па азеляненні тэрыторый, захаванні прыродных ландшафтаў. У прыватнасці, створаны дзве асоба ахоўваемыя прыродныя зоны: прыродны помнік Урэцкі (у раёне вёскі Заграддзе), дзе растуць лісцевыя дрэвы і сосны ўзростам больш за 120 гадоў, а таксама ландшафтны заказнік мясцовага значэння Вераб’ёўскі. На яго тэрыторыі рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную Кнігу, – чарамша, медуніца, сон-трава (на верхнім здымку) і іншыя. Плануецца стварэнне гідралагічнага помніка ў вёсцы Покрашава (крыніца). Дзякуючы намаганням нашай інспекцыі ў свой час быў закрыты і дэмантаваны цэх тэхнічных паўфабрыкатаў Слуцкага мясакамбіната, дзе рабілі косную муку. Гэта мера значна садзейнічае паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі ў горадзе.
Паважаныя случчане, стабільная экалогія малой радзімы ў значнай ступені залежыць ад нашых агульных намаганняў, ад клопату пра чысціню тэрыторый, падворкаў, рэк, азёр, ад гаспадарскага, беражлівага стаўлення да прыроды. Не забывайце, дарагія землякі, што будучае мы вызначаем сёння…