Ці ведаеце вы, шаноўныя чытачы, што Слуцк мае багатую тэатральную гісторыю. У свой час у нашым горадзе нават быў свой прафесійны тэатр, пра што сведчаць фотаздымкі і матэрыялы, якія захоўваюцца ў Слуцкім краязнаўчым музеі.
Навуковы супрацоўнік ДУ «Слуцкі краязнаўчы музей» Васілій Цішкевіч расказаў, што тэатр на Случчыне адзін з любімых відаў мастацтва яшчэ са старажытнасці. Пасля ўстанаўлення савецкай улады ў 1920-х гадах атрымала развіццё гуртковая работа, у тым ліку ў Слуцку дзейнічаў драматычны аматарскі калектыў клуба імя Крэйнеса. Кіраваў тэатральным гуртком Міхаіл Максімавіч Шуляк.

На здымку 1925 года невядомага фатографа адлюстравана пастаноўка калектыву: самадзейныя артысты ўдзельнічалі ў карнавале на вуліцах Слуцка, які праходзіў пад лозунгам «Смычка горада з вёскай» і быў прысвечаны пяцігоддзю вызвалення Беларусі ад белапалякаў. Клуб імя Крэйнеса размяшчаўся ў цяперашнім будынку Слуцкага краязнаўчага музея, на вуліцы Леніна, 171. Дарэчы, там знаходзіўся і Слуцкі райкам камсамола, а яшчэ – першы ў горадзе тэлефон.

– У 1936 – 1941 гадах у Слуцку дзейнічаў калгасна-саўгасны тэатр, – расказвае Васілій Васільевіч. – У пачатку работы трупу Слуцкага тэатра, як і іншых такіх жа калектываў, складалі акцёры-аматары. А вось з верасня 1938 года ў тэатр прыйшлі выпускнікі вучылішчаў Маскоўскага камернага тэатра, тэатра імя Вахтангава, студыі імя Ярмолавай. Слуцкі тэатр, можна сказаць, стаў прафесійным. У адрозненне ад многіх іншых калгасна-саўгасных тэатраў, ён вылучаўся разнастайнымі жанравымі пастаноўкамі. Гэта «Васа Жалязнова», «Ягор Булычоў і іншыя» Максіма Горкага, «Жаніцьба Бальзамінава», «Без віны вінаватыя» Аляксандра Астроўскага, «Платон Крэчат» Аляксандра Карнейчука, «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы і іншых аўтараў. Спектакль «Васа Жалязнова», паказаны на рэспубліканскім фестывалі, быў высока ацэнены журы і заняў прызавое месца. П’есу Карнейчука «Платон Крэчат» уключалі ў свой рэпертуар многія калгасна-саўгасныя тэатры, бо твор быў у той час вельмі папулярным. Але як адзначалі тэатральныя крытыкі, толькі ў Слуцкім тэатры гэты спектакль атрымаўся сапраўды пераканаўчым, эмацыянальным, прафесійным.

П’еса А. Афінагенава “Машанька”. У ролі прафесара – артыст Марк Касач, у ролі Машанькі – артыстка Клаўдзія Мамыкіна.


Сцэны са спектакля “Машанька”.

П’еса К. Гальдзіні “Забаўны выпадак”, артысты К. Мамыкіна, Розенфельд.
Як падкрэсліў мой суразмоўца, за пяць гадоў тэатр паказаў 1 200 спектакляў і канцэртаў, якія наведалі каля 550 тысяч гледачоў.
Мастацкім кіраўніком калектыву быў С. Тураў, галоўным рэжысёрам – Аляксей Фролавіч Аржанаў, дырэктарам – артыст тэатра юнага гледача Розенфельд. Хто ведае, магчыма, Слуцкі тэатр стаў бы сапраўднай прафесійнай тэатральнай пляцоўкай, калі б не Вялікая Айчынная вайна.

Аляксей Аржанаў.

Лідзія Аржанава.
Супрацоўнікам музея ўдалося адшукаць дачку рэжысёра тэатра Аляксея Фролавіча Аржанава і яго жонкі артысткі тэатра Лідзіі Міхайлаўны – Эльвіру Аляксееўну Аржанаву. Яна нарадзілася і жыве ў Маскве. Праз два тыдні пасля нараджэння, у 1940 годзе, бацькі прывезлі ее ў Слуцк, дзе служылі ў тэатры. Калі пачалася вайна, сям’я не змагла эвакуіравацца, засталася ў нашым горадзе. Фашысты закрылі тэатр у Слуцку, баючыся, што ён стане месцам сустрэч партызанскіх сувязных і падпольшчыкаў. У відэароліку, які даслала Эльвіра Аляксееўна ў Слуцк, расказваецца, як у ваенны час яе бацькі ў нашым горадзе дапамагалі партызанам. Маці пад відам лячэння дзіцяці набывала лекі ў нямецкага ўрача і перадавала партызанам. Аляксей Аржанаў, рызыкуючы сабой, пад вопраткай выносіў з нямецкай канторы карткі на маладых случчан, якіх фашысты збіраліся ўгнаць у Германію, такім чынам выратаваў не адно жыццё.

Васілій Цішкевіч з сёстрамі Аржанавымі, справа – Эльвіра Аржанава.
Нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі дырэктара Слуцкага тэатра Розенфельда. Астатнія члены тэатральнай трупы выжылі, пасля Вялікай Перамогі працавалі ў розных тэатрах Савецкага Саюза.
Наталля Селязнёва.
Фота з архіваў Слуцкага краязнаўчага музея.