Работнікі лесу – сапраўдныя захавальнікі прыроды, якія з любоўю і клопатам даглядаюць зялёныя лёгкія нашай краіны. Яны забяспечваюць зберажэнне экасістэмы, падтрымліваюць баланс у прыродзе і клапоцяцца пра будучыню лясоў. У цяжкія часы, калі лясы маюць патрэбу ў абароне ад шкоднікаў ці стыхійных бедстваў, менавіта гэтыя людзі становяцца шчытом для ляснога багацця. Яны аднаўляюць і пашыраюць зялёныя насаджэнні, вучаць маладое пакаленне шанаваць і берагчы прыроду.

Падчас ушанавання работнікаў лесу ў Жылінбродскім лясніцтве дырэктар Слуцкага лясгаса Аляксандр Салавей адзначыў, што калектыў Слуцкага лясгаса – гэта каманда аднадумцаў, якая працуе на вынік. Па рэйтынгу за першае паўгоддзе сярод лясгасаў Мінскай вобласці Слуцкі лясгас знаходзіцца ў залатой сярэдзіне. На працягу года арганізацыяй набывалася новае абсталяванне, тэхніка, транспартныя сродкі. Аляксандр Салавей падкрэсліў, што ўсе дасягненні і поспехі сталі магчымымі дзякуючы штодзённай працы і адданасці справе работнікаў лясгаса.

Знаёмства з самаадданымі захавальнікамі лесу пачынаю ў Амговіцкім лясніцтве. Тут ужо больш за 30 гадоў майстрам лесу працуе Юрый Яновіч. На адной з дзялянак «кіпіць» праца – ідзе пагрузка драўніны. Тэрыторыя, якую даглядае Юрый Іванавіч, складае больш за 3,5 тысячы гектараў. Сам майстар лесу родам з вёскі Сорагі, любоў да прыроды выхавана з дзяцінства.

– Лес мае цудадзейную сілу, якая перапаўняе мяне і нятхняе працаваць яшчэ больш заўзята і апантана, – дзеліцца субяседнік.

Юрый Іванавіч просіць абавязкова сфатаграфаваць іншых работнікаў, што задзейнічаны на дзялянцы, – усе яны сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.

У бягучым годзе ў Слуцкім лясгасе рэалізавалі маштабны інвестыцыйны праект па ўстаноўцы новай высокапрадукцыйнай лініі лесапілавання, што знаходзіцца ў Жылінбродскім лясніцтве. Ужо праводзяцца першыя пускавыя работы. Новая лінія дазваляе вырабляць піламатэрыялы даўжынёй 6 метраў, штодзень – па 50 – 60 кубаметраў і больш.

Тут вяду размову з маладымі работнікамі лесу. Аляксандр Стэльмахаў прафесію выбіраў абдумана – працуе ўжо трэці год па мэтавым накіраванні. Зараз – майстрам участка. 

– Тут цудоўны, дружны калектыў. Калі толькі прыйшоў на працу, за мной быў замацаваны настаўнік. Таму прызвычаіцца да работы ў калектыве было няцяжка, – адзначае Аляксандр.

Станочнік Арцём Крот дадае, што для работнікаў створаны неабходныя ўмовы: ажыццяўляецца падвоз да месца працы, задавальняе заработная плата, ёсць пэўны графік.

Забяспечвае бесперабойную работу ўсіх механізмаў вытворчага ўчастка «Жылін Брод» інжынер-механік Аляксандр Лісаковіч. Аляксандр Іванавіч – майстар на ўсе рукі, які ўжо больш за 35 гадоў працуе ў лясной гаспадарцы. Ён нарадзіўся і жыве ў вёсцы Жылін Брод.

– Гэтыя мясціны не прамяняў бы ні за што на свеце. Тут мая малая радзіма, – дзеліцца Аляксандр Лісаковіч.

За шматгадовую плённую працу мужчыну не аднойчы ўзнагароджвалі, у тым ліку фота Аляксандра Іванавіча змяшчалі на Дошцы гонару Слуцкага лясгаса. Але самае каштоўнае, лічыць ён, – гэта павага калег і кіраўніцтва арганізацыі.

У Слуцкім лясгасе працягваюць развіваць гадавальніцкую гаспадарку, вырошчваюць уласны пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай, што забяспечвае высокую прыжывальнасць лясных культур.

На тэрыторыі гадавальніка, якая складае больш за 24 тысячы гектараў, таксама актыўна працуюць. Па шырокіх і шчырых усмешках разумею, што насустрач ідуць мае суразмоўцы – браты Аляксандр і Віктар Рылачы. Ужо на працягу пяці гадоў яны плячом да пляча працуюць лесаводамі. Займаюцца палівам, выкопваннем і пасадкай саджанцаў і кустоў, абкошваннем тэрыторыі, іншымі работамі. Першым з лясной гаспадаркай звязаў сваё жыццё старэйшы брат Віктар, а потым і малодшага, Аляксандра, «перацягнуў». На Случчыну браты пераехалі з Салігорскага раёна, з Палесся. Абодва браты не толькі адданыя работнікі, але і шматдзетныя бацькі.

– Без лесу сваё жыццё не ўяўляю, – расказвае Віктар Рылач. – Спачатку я працаваў на харвестары, мне вельмі падабалася кіраваць гэтай магутнай машынай. Аднак лёс сыграў злы жарт – я трапіў у сур’ёзную аварыю. Але ўсё роўна лясную справу не кінуў – перайшоў у гадавальнік. Тут яскрава бачна, як зараджаецца новае жыццё. І вельмі прыемна, што ў гэтым ёсць і наша заслуга.

Дзякуй за працу, сапраўдныя майстры лясной справы! Глыбокая павага, сардэчная ўдзячнасць вам за служэнне беларускаму лесу. Дарэчы, у гэтым годзе больш за 50 работнікаў Слуцкага лясгаса былі адзначаны рознымі ўзнагародамі. Поспехаў, дарагія ахоўнікі ляснога багацця!

Кацярына Барысевіч.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи