Успаміны партызана атрада імя В.П. Чкалава брыгады імя А.В. Суворава Міхаіла Іванавіча Макава, які стаў сведкам жудасных падзей падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Палікараўка, на фронце – з 1944 г.:
«Да вайны наша вёска Палікараўка была цэнтрам сельсавета. Тут жа знаходзіліся кантора калгаса імя Сталіна, няпоўная сярэдняя школа, фельчарскі пункт, сяльпо, сяльмаг, таргсін, машынна-трактарная станцыя, пошта, пажарнае дэпо. Хаты на вуліцах Палікараўкі ў асноўным былі новыя, моцныя. Перад вайной многія хутары і засценкі былі знесены, а хаты перавезены на цэнтральную сядзібу сельсавета. Так іх жыхары сталі палікараўцамі.
Я паспеў да вайны скончыць няпоўную сярэднюю школу. Жыў у бацькоўскай хаце з маці Марыяй Іванаўнай і сёстрамі Костай і Надзеяй. Калі пачалася вайна, да нас прыехала са Старых Дарог з сынам старэйшая сястра Цвірко Лена, якая была замужам за афіцэрам.
Немцы і паліцаі адразу сталі гаспадарамі ў нашых лясных краях. Першае, што яны зрабілі, правялі перапіс насельніцтва. Выдалі дакументы «аўсвайсы», распусцілі калгас, раздзялілі калгасную маёмасць. Нашай сям’і, разам з суседам Паўлам Дземідовічам, дастаўся конь з вупражжу, возам і санямі. Араць я яшчэ не ўмеў, бо быў малы, таму сёстры дапамагалі жонцы Дземідовіча ўпраўляцца на полі, а ён араў і сеяў нам. Так і жылі.
У канцы 1942 года, пасля таго як партызаны зрабілі налёт на фашыстаў і разбілі іх дзве калоны на дарозе Шышчыцы – Асіповічы, нямецкія карнікі спалілі вёскі Фадзееўка і Жылін Брод. Жыхароў на гэты раз не чапалі, але людзі засталіся без жылля ў халодную пару года. Пагарэльцы рассяліліся ў Палікараўцы, Беразінцы, Крушніку і Пераходах. Гэта быў пачатак вялікай агульнай бяды.
23 лютага 1943 г. я буду памятаць вечна: гэты дзень перавярнуў усё маё жыццё. Раніцай мы з суседам Паўлам рэзалі сечку для жывёлы і раптам пачулі выстралы з боку вёскі Адамова. Як аказалася, карнікі расстрэльвалі ўсіх, хто сустракаўся ім на дарозе Шышчыцы – Асіповічы. Потым мы ўбачылі, што ў Палікараўцы ходзяць немцы з паліцаямі. Іх было занадта шмат. Яны «адсеклі» жыхарам адыход да лесу, зайшлі ў вёску не з боку дарогі, а з поўдня, з боку Крушніка.
Я з суседам у гэты час знаходзіўся на яго сядзібе. Заходзіць у двор немец і загадвае ўсім выйсці на вуліцу з «аўсвайсамі» для праверкі дакументаў. На вуліцы яны раздзялілі нас: моладзь, чалавек 16, у іх ліку аказаўся і я, выстраілі на адзін бок вуліцы, а астатніх пагналі ў пажарнае дэпо. У гэты час забіралі жывёлу, грузілі на сані прадукты, хатнія рэчы і іншае нарабаванае дабро.
Насупраць уваходу ў дэпо стаяў кулямёт. У памяшканне загналі чалавек сто. Сярод іх былі і мае родныя. Калі нас, моладзь, вялі пад канвоем па вёсцы, мы чулі, як крычалі людзі, бачылі, як пад прыцэлам паліцаі разам з немцамі трымалі нашых бацькоў, сясцёр, суседзяў… Нас павялі па дарозе на Адамова. Мы пачулі кулямётныя чэргі, убачылі чорны дым над Палікараўкай і зразумелі – вёску паляць.
Адзін з паліцаяў змог выратаваць некалькі сем’яў сваіх сваякоў і знаёмых. Перад тым, як вяскоўцаў пагналі на смерць, ён вывез іх на санях з вёскі. Немцы дазволілі яму. Другім сяльчанам ён моцна гаварыў, што больш не можа ўзяць людзей. Ведаю яго прозвішча – Аленскі, з вёскі Апаліны.
А мы ішлі па дарозе на Шышчыцы. Пачынала цямнець. На нас немцы ўжо не звярталі пільнай увагі. Вельмі многа людзей і машын ішло ў накірунку Слуцка. Выкарыстаўшы гэта, нам удалося ўцячы.
К раніцы мы дабраліся да Палікараўкі. Калі ўбачылі, што засталося ад нашых блізкіх, акамянелі і доўга не маглі прыйсці ў сябе. Рэшткі чалавечых цел, аддзельна рукі, ногі, голавы… І костачкі, костачкі, костачкі…
Знайшлі рыдлёўкі, выкапалі магілу, дасталі з хованак посцілкі, прастынкі, услалі імі яму і пачалі хаваць тое, што засталося ад жыхароў нашай Палікараўкі. У гэты час праязджалі на санях паліцаі, якія абстралялі нас. Мы пабеглі ў лес. Была адліга, снег мяшаўся пад нагамі, і доўгі кажух перашкаджаў мне бегчы. Я скінуў яго… Толькі пасля таго, як паліцаі пакінулі вёску, нам удалося закончыць пахаванне нашых блізкіх людзей.
З успамінаў Лідзіі Макараўны Шахновіч (Багушкевіч), 1927 г.н., в. Задоўба:
«Жылі мы ў Задоўбе. Бацька мой да вайны працаваў у лясніцтве, трагічна загінуў у час валкі лесу, маці працавала ў калгасе «8-е Сакавіка» жывёлаводам і пасля смерці бацькі выхоўвала нас адна: мяне, сястру Марыю, 1930 года нараджэння, браціка Мішу (1934) і малодшанькую Аляксандру. У час нямецкай акупацыі нам жылося вельмі цяжка. У Міхейках жыла родная сястра мамы, Соф’я Бадыль. Я часта там бывала, заставалася начаваць, дапамагала цётцы па гаспадарцы. Сябравала з суседскай дзяўчынкай.
У Задоўбе мы жылі на ўскрайку. Сама ж вёсачка, ці як гаварылі, засценак, была маленькая – усяго 4 хаты сем’яў Багушкевічаў, Аленскіх, Чыгорскіх, адзінокай Стасевіч Алены.
22 лютага 1943 года я пайшла ў Міхейкі дапамагчы па гаспадарцы цётцы Соф’і ды заначавала. На наступны дзень даведалася, што карнікі спалілі нашу вёсачку разам з жыхарамі і таксама суседнія: Пераходы, Беразінец, Крушнік… Цётка мяне адну не адпусціла, і мы пайшлі разам у Задоўбу.
На пажарышчы ўбачылі двух нашых суседзяў Чыгорскага Паўла і Аленскага Міхаіла. Чыгорскага немцы якраз перад гэтым жудасным днём забралі гнаць жывёлу ў Слуцк, але яму нейкім чынам удалося збегчы ад іх. Так і застаўся ў жывых.
Непадалёку ад таго месца, дзе была наша хата, стаіць помнік нашай вёсцы Задоўба, якая так і не аднавілася пасля вайны. А каму яе аднаўляць? Загінулі ўсе, акрамя нас траіх».
Фота ілюстрацыйнае.