З успамінаў Айзіка Майсеевіча Рывіна, 1911 г.н., і Рыгора Юдалевіча Шмярковіча, 1900 г.н., былых жыхароў Слуцка:
«Мы абодва нарадзіліся і выраслі ў Слуцку. Працавалі ў родным горадзе. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Слуцку шмат пражывала яўрэяў, дзесьці каля 14 тысяч чалавек. Калі пачалася вайна, эвакуіравацца змаглі нямногія. У першыя дні акупацыі ў горадзе фашыстамі было створана гета, куды была сагнана большая частка яўрэйскага насельніцтва, якое бязлітасна расстрэльвалі. Ужо на трэці дзень акупацыі на базарнай плошчы яны забілі 15 чалавек.
Першы масавы расстрэл яўрэйскага насельніцтва адбыўся ў пачатку кастрычніка 1941 г., калі з так званага «Рабочага гета», што размяшчалася па вуліцы Валадарскага, было вывезена ў Гараваху (лясок непадалёку ад Слуцка) звыш 500 чалавек. У асноўным гэта былі старыя, якіх там расстралялі. Вывезлі іх падманным шляхам. Жандары, перад тым як пагрузіць іх на машыны, сказалі, што паедуць капаць за горадам бульбу. І ўсе каштоўныя рэчы (залатыя пярсцёнкі, часы, бранзалеты) яны павінны па спісу здаць на захоўванне. На машыны фашысты ўскінулі рыдлёўкі і кашы. Аднак з гэтай «бульбы» ніхто не вярнуўся. У канцы гэтага ж месяца адбыўся яшчэ адзін расстрэл. Каля будынка гарадскога Савета фашысты выстраілі цэлую калону накрытых грузавікоў, пачалі хапаць яўрэяў і заганяць на машыны. Іх таксама завезлі ў Гараваху, дзе былі ўжо выкапаны ямы. Людзей раздзелі дагала. Лепшае адзенне адкідвалася асобна ад горшага. У гэты дзень было расстраляна каля 5, а можа і больш 5 тысяч дарослых, старыкоў і дзяцей.
У красавіку 1942 г., гэта было якраз вялікае яўрэйскае свята, з рабочага гета (вул. Валадарскага) пешшу пагналі людзей у лес. Іх было многа, некалькі соцень. Па дарозе многія падалі, іх дабівалі.
Самы вялікі расстрэл яўрэяў пачаўся ў лютым 1943 г. На гэты раз было знішчана гета, якое размяшчалася ў раёне цяперашняй сярэдняй школы №6 аж да фабрыкі хімчысткі. Тут знаходзілася звыш 3 тысяч чалавек.
Яўрэям, якія маглі працаваць, у дзень выдавалі паёк: 200 грамаў хлеба, а на ўтрыманца ўсяго толькі 50. Мы добра памятаем, што раніцай 8 лютага да варот гета пачалі з’язджацца грузавікі. Фашысты акружылі яго з усіх бакоў. Людзей пачалі выводзіць і, як быдла, заганяць на машыны. Чуўся плач, стогны, стрэлы. На гэты раз іх завезлі ў в. Мохарты, дзе да вайны быў квасільны пункт. У першай палове дня туды было адпраўлена звыш 500 чалавек. А пасля абеду фашысты падпалілі гета. Крывавае зарыва паднялося над Слуцкам. Гарэлі дамы разам з людзьмі. А той, хто хацеў выбегчы, пападаў пад кулямётныя чэргі. Тры дні бушаваў пажар. Потым тое, што засталося ад нясчасных, вывезлі на санях у Сёлкі, дзе да вайны была звалка. Людскія косці доўга валяліся аж да вясны. Толькі вясной фашысты распарадзіліся закапаць астанкі людзей.
Для рабочых гета быў устаноўлены так званы «крывавы час». Пасля працы людзей строілі каля банка (на вуліцы Урыцкага) і бягом гналі да вуліцы Валадарскага. Там яны расчышчалі пляцоўку, потым зноў бягом на насілках з яўрэйскіх могілак неслі помнікі на фундаменты. Людзі не вытрымлівалі, падалі. На іх пускалі сабак, білі… Вось які «новы парадак» устанавілі карнікі на нашай роднай зямлі».
Фота ілюстрацыйнае.