Рота ганаровай варты – адно з элітных падраздзяленняў Узброеных Сіл. Служыць у ім мараць многія, але трапляе туды толькі адзін з некалькіх сотняў прызыўнікоў.
Случчанін Арцём Федаровіч, старшы стралок каменданцкага батальёна, яфрэйтар, быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу ў лістападзе 2017 года, накіраваны ў Мінскую ваенную камендатуру.
– Калі я прызываўся, прызнацца, наогул не ведаў, што такое рота ганаровай варты, – расказвае Арцём. – Кандыдатаў адбірае спецыяльная камісія. Крытэрыі вельмі жорсткія: у роту ганаровай варты бяруць хлопцаў толькі з першай групай здароўя, высокім ростам (185 – 192 см), славянскай знешнасцю, без шрамаў, татуіровак і сумніўнага мінулага. Служыць у гэтым асаблівым падраздзяленні ганарова і прэстыжна, але і адказнасць вельмі высокая. Калі на беларускую зямлю з нябесных лайнераў спускаюцца па трапе высокія госці з-за мяжы, першыя, каго яны бачаць, – стройныя, падцягнутыя беларускія хлопцы ў ваеннай форме.
Да паказальных выступленняў, якія так уражваюць гледачоў, рота ганаровай варты сур’ёзна рыхтуецца. Страявыя заняткі, расцяжка, развучванне элементаў. Асноўнае, што патрабуецца ад каравульнага – добрая фізічная форма і адточаны страявы крок. Таму будзённае жыццё вайскоўцаў ганаровай варты праходзіць на пляцы, у бясконцых трэніроўках.
– На тэрыторыі часці – вялізны пляц, на якім практычна ўсе перамяшчэнні праходзяць страявым крокам, – расказвае Арцём. – Штодня мінімум па пяць гадзін мы займаліся страявой падрыхтоўкай, а перад святамі, бывала, трэніраваліся і па 12 гадзін.
Напярэдадні сур’ёзных дзяржаўных мерапрыемстваў, такіх як сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і правядзенне парадаў, рыхтавацца іншы раз даводзіцца без выхадных.
Па словах Арцёма, салдаты роты ганаровай варты працуюць у асноўным з двума відамі зброі: шашка або самазарадны карабін Сіманава. Праграма, якую мы бачым на парадах, звычайна рыхтуецца каля чатырох месяцаў. Аднолькавых выступленняў няма: кожны пляц-канцэрт у залежнасці ад працягласці змяшчае да 200 розных элементаў.
Самае складанае – нерухома стаяць некалькі гадзін. Патрэбны вытрымка і стойкасць.
– Узяць, да прыкладу, Палац Рэспублікі ці Палац Незалежнасці, – расказвае Арцём. – На дзяржаўных мерапрыемствах пара салдат роты ганаровай варты стаіць ля ўваходу і сінхронна аддае воінскае прывітанне. Гэта вельмі цяжка фізічна, нерухома стаяць некалькі гадзін, і ў спякоту, і ў холад. Любы рух або размова забароненыя.
Служба дазволіла мне пазнаць нашу рэспубліку трошкі лепей, мерапрыемствы ж праходзяць па ўсёй краіне. Сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і іншых высокапастаўленых асоб. Можна пабываць на рэжымных аб’ектах, да прыкладу, Палац Рэспублікі, Палац Незалежнасці, рэзідэнцыя Прэзідэнта.
– Я не скажу, што армія – гэта школа жыцця, – мяркуе Арцём, – але лепш папацець і паспрабаваць навучыцца нечаму новаму, чым дэградаваць у чатырох сценах. Трэба быць маральна гатовым, выконваць каманды старэйшых па званні, першы час гэта няпроста. Да таго, што прыйдзецца вельмі шмат працаваць над сабой, у гэтым плане армія з мамчыных сынкоў сапраўды робіць мужчын. Адказнасць, стойкасць, цярпенне, уменне не разгубіцца ў экстрэмальнай сітуацыі – вось што галоўнае для салдата любых войскаў і падраздзяленняў.
За час службы ў арміі Арцём мае заахвочванні, у тым ліку значкі «За страявую вывучку», «За вайсковую доблесць».
У далейшым Арцём плануе звязаць сваё жыццё са службай у міліцыі і завочна скончыць вышэйшую навучальную ўстанову.