ХVIII Майскія Віткаўскія чытанні «Мудрэц з вялікай літары», прысвечаныя 114-годдзю з дня нараджэння Васіля Віткі, праходзяць у Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы.

– Ці верыце вы ў жыццё пасля жыцця? – звярнуўся да прысутных на святочным адкрыцці чытанняў беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, член Мінскага гарадскога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. – Так вось, яно сапраўды існуе. І гэта даказвае сваім жыццёвым шляхам ваш знакаміты зямляк і мой сябар Васіль Вітка, які жыве ў сваіх творах і вершах і сёння. Мае словы даказвае сённяшняе святочнае мерапрыемства. Жадаю вам усім падчас Віткаўскіх чытанняў адкрыць свае душу і сэрца для нашай мілагучнай, прыгожай, роднай беларускай мовы.

Падчас мерапрыемства за шматгадовае супрацоўнiцтва і сяброўства Уладзімір Ліпскі ўручыў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы дыплом і медаль «Сябру «Вясёлкі» за ганаровым нумарам 1.





Пачалася вандроўка ў свет паэзіі Васіля Віткі з творчых сустрэч з беларускімі пісьменнікамі, лаўрэатамі прэміі імя Васіля Віткі Уладзімірам Ліпскім і Іванам Карэндай, галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка» Анастасіяй Радзікевіч, якія паведамілі вучням Случчыны пра сваё знаёмства з нашым знакамітым земляком Васілём Віткай, творчых шляхах пісьменнікаў, зачыталі свае вершы і аповеды. У сваю чаргу хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы, прымаўкі і прыказкі Васяля Віткі, адгадвалі загадкі.



Пасля мерапрыемства ў скверы імя В. Віткі прайшла хвіліна памяці паэта, падчас якой пісьменніца Ганна Міклашэвіч прачытала верш, прысвечаны знакамітаму земляку, Уладзімір Ліпскі, Іван Карэда і Анастасія Радзікевіч, пад выкрыкі вучняў «Расці бэз да нябес», высадзілі два кусты бэзу. Пасля чаго ў скверы для вучняў школ Слуцка прайшла літаратурная забава-квэст «Вандроўка ў краіну Васіля Віткі». Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем прынялі ўдзел у гульні, адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі, паказалi свае веды беларускай мовы.







Кожны вучань у падарунак атрымаў часопіс «Вясёлка», галоўным радактарам якога доўгі час быў Васіль Вітка.
ХVIII Майскія Віткаўскія чытанні «Мудрэц з вялікай літары», прысвечаныя 114-годдзю з дня нараджэння Васіля Віткі і 1020-годдзю Слуцка пройдуць з 13 па 18 мая. Наведвальнікаў чакаюць сустрэчы з вядомымі людзьмі, літаратарамі, для дзяцей падрыхтавана літаратурна-забаўляльная праграма.
Ірына ШАБАШАВА.